30 красавiка 2024, aўторак, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежных акторак па-ранейшаму ўтрымліваюць у аэрапарту Менска: «Нам не называюць прычын забароны на ўезд»

26
Замежных акторак па-ранейшаму ўтрымліваюць у аэрапарту Менска: «Нам не называюць прычын забароны на ўезд»

Амерыканская акторка і спявачка Стэфані Пан і аўстралійская акторка Эстэр Мугамбі, якія прыляцелі ў Беларусь па запрашэнні беларускага «Свабоднага тэатра», 5 кастрычніка былі затрыманыя ў аэрапарту "Менск-2". Беларускія памежнікі паведамілі акторкам, што яны знаходзяцца ў спісах неўяздных у краіну. Вось ужо 18 гадзін дзяўчыны знаходзяцца ў менскім аэрапарту.

Характэрна, што акторкі, якія прыляцелі ў Менск з Амстэрдама (праз Прагу), раней ні разу не наведвалі Беларусь. Супрацоўнікі менскага аэрапарта не паведамляюць акторкам прычыну забароны на ўезд у краіну, спасылаючыся на тое, што гэта «канфідэнцыйная інфармацыя Міністэрства замежных справаў РБ».

Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі павінныя былі на працягу тыдня рэпетаваць спектаклі беларускага «Свабоднага тэатра» у межах праекту Eurepica. З Менска акторкі збіраліся ляцець толькі праз тыдзень, 12 кастрычніка.

Памежнікі паведамілі Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі, што ім прыйдзецца правесці ў менскім аэрапарту два дні. Абратна яны могуць паляцець толькі за свой кошт, а квіткі ў дзяўчын ёсць толькі на рэйс Менск-Прага-Амстэрдам, які ў наступны раз будзе праз два дні.

Акторак размясцілі ў аэрапарту ў памяшканнях турэмнага тыпу, так званых пакоях для затрыманых перамешчаных асобаў. Іх свабода абмежаваная, яны зачыненыя. Для таго каб, напрыклад, выйсці ў прыбіральню, ім трэба грукацца і прасіць, каб іх правялі. Усяго такіх пакояў у менскім аэрапарту восем. У суседніх з акторкамі памяшканнях знаходзяцца грамадзяне Бангладэша, Азербайджана і Ірака.

Абедзве акторкі размаўляюць толькі на ангельскай мове. Кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і Наталля Каляда адмыслова вярталіся ў Менск, які знаходзіцца ад аэрапорта ў 30 кіламетрах, каб купіць акторкам прадукты і ваду, бо кафэ і буфеты ў аэрапарту ўжо былі зачыненыя.

Такім чынам, фактычна паўтараецца гісторыя амерыканскага фільма «Тэрмінал», толькі ў гэты раз па-беларуску.

«Цяжка выказаць здагадку, што цяперашняя ўлада баіцца замежных актораў. Мы рэпетуем вялікі еўрапейскі праект Eurepica. Акторкі за свой кошт набылі квіткі і прыляцелі ў Менск, каб рэпетаваць са «Свабодным тэатрам». Чаму яны занесеныя ў спіс неўяздных, не зразумела. Можна выказаць здагадку, што з-за таго, што яны супрацоўнічаюць са «Сваодным тэатрам». Іншых прычын няма. Мы будзем інфармаваць аб здарэнні замежныя тэатральныя колы. Мы будзем іх папярэджваць, што супрацоўніцтва з беларускімі тэатрамі можа быць ускладнена адсутнасцю дазволу на ўезд. Я не магу зразумець, якую мэту спрабуюць дасягнуць улады падобнымі забаронамі», -- пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 інцыдэнт кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Прэс-цэнтр Хартыі'97 змог звязацца па тэлефоне з замежнымі акторкамі, якія працягваюць утрымлівацца ў менскім аэрапарту.

«Учора ў нас адабралі пашпарты і дагэтуль іх не вярнулі. Сябры са «Свабоднага тэатра» уначы перадалі нам прадукты, таму што ніякай ежы тут было немагчыма дастаць. Каля гадзіны ночы нас праводзілі ў пакой, дзе мы леглі спаць. Умовы былі нядрэнныя, але выйсці з гэтага пакоя мы не маглі, паколькі ён замыкаўся звонку. Праўда, у адказ на нашае груканне дзверы адчынялі і нас суправаджалі ў прыбіральню. Пагаварыць з кімсьці з персанала немагчыма, паколькі практычна ніхто не валодае ангельскай мовай, нават большасць супрацоўнікаў консульскага аддзела. Сёння нас вывялі з гэтага аддзела і пасадзілі на пластмасавыя стульчыкі. Тут досыць халодна, мы не ведаем што будзе далей, пашпарты нам не аддаюць, і не кажуць, які наш наступны лёс. На ўсе пытанні аб тым, якая прычына адмовы нам у візе, нам адказваюць – канфідэнцыйная інфармацыя МЗС. Нам відавочна, што прычына -- гэтае нашае супрацоўніцтва са «Свабодным тэатрам». Іншай прычыны проста не можа быць. З намі ніколі ў жыцці нічога падобнага не здаралася і знаходзіцца ў такой сітуацыі вельмі не звыкла. Але гэты досвед не спыніць нас ад сумеснай працы са «Свабодным тэатрам», -- заявіла Эстэр Мугамбі.

Стэфані Пан

Эстэр Мугамбі

Мабыць, не выпадкова акторкі прымяралі на сябе ролі сцюардэс. Трупа «Свабоднага тэатра» у праекце Eurepica. У верхнім шэрагу справа – «навабранцы» Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках