17 траўня 2024, Пятніца, 7:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканская і аўстралійская акторкі вырваліся з менскага аэрапорта

12
Амерыканская і аўстралійская акторкі вырваліся з менскага аэрапорта

Амерыканская акторка і спявачка Стэфані Пан і аўстралійская акторка Эстэр Мугамбі пасля 20 гадзін зняволення ў менскім аэрапарту, змаглі выляцець у Амстэрдам праз Прагу. Акторкі паляцелі з Менска за кошт чэшскіх авіяліній. Дамоўленасць аб гэтым была дасягнутая паміж прадстаўнікамі беларускіх уладаў і чэшскай авіякампаніяй.

Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі прыляцелі ў Менск па запрашэнні беларускага «Свабоднага тэатра» 5 кастрычніка. Яны павінныя былі на працягу тыдня рэпетаваць спектаклі «Свабоднага тэатра» у межах праекту Eurepica. Аднак па прылёце ў Беларусь акторкі былі затрыманыя ў аэрапарту «Менск-2». Беларускія памежнікі паведамілі акторкам, што яны знаходзяцца ў спісах неўяздных у краіну і ім адмоўлена ў выдачы віз.

Акторкі, якія прыляцелі ў Менск з Амстэрдама, раней ні разу не наведвалі Беларусь. Супрацоўнікі менскага аэрапарта не паведамілі акторкам прычыну забароны на ўезд у краіну, высылаючыся на тое, што гэта «канфідэнцыйная інфармацыя Міністэрствы замежных справаў РБ».

Беларускія памежнікі паведамілі Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі, што абратна яны могуць паляцець толькі за свой кошт. Зваротныя квіткі ў дзяўчын былі толькі на рэйс Менск-Прага-Амстэрдам на 12 кастрычніка.

Акторак размясцілі ў аэрапарту ў памяшканнях турэмнага тыпу, так званых пакоях для затрыманых перамешчаных асобаў. Іх воля была абмежаваная, яны былі зачыненыя. Для таго каб, напрыклад, выйсці ў прыбіральню, акторкам трэба было грукацца і прасіць, каб іх правялі. Усяго такіх пакояў у менскім аэрапарту восем. У суседніх з акторкамі памяшканнях знаходзіліся грамадзяне Бангладэша, Азербайджана і Ірака.

Абедзве акторкі размаўляюць толькі на ангельскай мове, і тлумачыцца з супрацоўнікамі аэрапарта было вельмі цяжка. Кіраўнікі «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін і Наталля Каляда адмыслова вярталіся ў Менск, які знаходзіцца ад аэрапарта ў 30 кіламетрах, каб набыць акторкам прадукты і ваду, бо кафэ і буфеты ў аэрапарту ўжо былі зачыненыя.

Сёння Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі прабылі ў менскім аэрапарту да 16 гадзін, а пасля змаглі выляцець у Амстэрдам праз Прагу. Па словах кіраўніка «Свабоднага тэатра» Мікалая Халезіна, у аэрапорт прыбылі прадстаўнікі беларускіх уладаў, якія дамовіліся з чэшскай авіякампаніяй аб дэпартацыі з Беларусі амерыканскай і аўстралійскай акторак.

«Нам вельмі шкада, што ў двух выбітных акторак знаёмства з Беларуссю скончылася ўражаннямі ад знаходжання каля сутак на нейтральнай паласе і наступнай дэпартацыяй. Нажаль, мы змушаныя будзем працаваць над праектам Eurepica толькі за мяжой. Калі ўчора мы з імі змаглі пагаварыць праз шкло, яны сказалі: вы мелі рацыю, галоўным выклікам для Еўропы сёння з'яўляецца Беларусь. Увесь дзень не адпускала адчуванне дрэннага перабудоўнага кіно, калі супрацоўнікі консульскага аддзела не ўмеюць размаўляць па-ангельску, памежнікі не могуць забяспечыць хоць нейкае сілкаванне затрыманым людзям, а ні адна з дзяржаўных структур не ў стане прыняць якое-небудзь рашэнне. Падобныя сітуацыі могуць выклікаць толькі адно адчуванне – адчуванне сораму за сваю краіну», -- сказаў Мікалай Халезін у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Мікалай Халезін нагадаў, што гэта не першы выпадак, калі замежнікі не могуць патрапіць у Беларусь па запрашэнні «Свабоднага тэатра». Летась васьмі замежным акцёрам, якія намерваліся прыняць удзел у сумесным з беларусамі праекце, беларуская амбасада ў Нідэрландах адмовіла ў афармленні віз. Сярод іх былі кіраўнікі міжнароднай школы мастацтваў “DasArts”, якія ў жніўні 2007 года былі затрыманыя ў Менску падчас паказу спектакляў «Свабоднага тэатра». Тады, нагадаем, на паказ уварваліся супрацоўнікі АМАПа і арыштавалі некалькі дзясяткаў акцёраў і гледачоў, уключаючы госцяў тэатра з Нідэрландаў і Францыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках