Лондан згубна ўплывае на беларускіх чыноўнікаў
16- 19.11.2008, 13:00
Два дні ў сталіцы Вялікабрытаніі рэзка перамянілі беларускіх высокапастаўленых функцыянераў, якія пачалі размаўляць на нармальнай мове, а не фразамі айчыннага агітпрапа.
Намеснік старшыні Нацбанка Беларусі В.Мацюшэўскі распавёў замежным СМІ аб планах дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Намеснік міністра эканомікі А.Тур агучыў куды больш блізкі да рэальнасці прагноз росту ВУП Беларусі ў 2009 годзе на ўзроўні 1-2% замест ухваленых «партыяй і ўрадам» 10-12%, паведамляе АФН.
А якія трансфармацыі пацярпеў прэм'ер Сяргей Сідорскі, які выконваў да гэтага мерапрыемства ролю класічнага тэхнічнага прэм'ера, да млоснасці паслухмянага, які выкэсліў са свайго слоўніка слова «палітыка». Але, як высветлілася, Сідорскі хутка ўзгадаў гэтае слова пасля серыі сустрэчаў і палітычных кантактаў у Вялікабрытаніі.
«Мы мелі шэраг сустрэчаў з палітычнымі коламі ў Палаце лордаў з парламентарыямі і з міністрамі дзейснага і ценявога кабінетаў», - прызнаўся Сідорскі журналістам.
«Мы сустракаліся з міністрам па развіцці ЕЗ і сувязях з краінамі СНД і канстатавалі, што мы спакойна і ўпэўнена выбудоўваем палітыку, каб нашая дзяржава не толькі займала годнае месца ў агульнаеўрапейскім доме, але і стала добрым мастом для перамоваў і правядзення кансультацыяў і ўмацавання адносінаў паміж Расеяй і Еўропай у цэлым», - цытуе «Интерфакс» беларускага прэм'ера.
І хаця палітычныя амбіцыі беларускага кіраўніцтва не могуць не выклікаць усмешкі з прычыны таго, што шмат аб якіх палітычных працэсах у свеце беларускія ўлады ўпарта разважаюць, гледзячы на «глобус» Беларусі з адзіным сусветным цэнтрам у Менску, той факт, што гэтыя амбіцыі агучвае беларускі прэм'ер-маўчун, ужо заслугоўвае асаблівай увагі.
«Адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам будуць выбудоўвацца прагматычна і з улікам сённяшніх рэаліяў», - заявіў Сідорскі.
Форум у Лондане трэба было б працягнуць яшчэ на тыдзень. Гэтага тэрміна цалкам бы хапіла, каб беларусы даведаліся не толькі аб рэаліях у адносінах ЕЗ-Беларусь, але і аб рэальным становішчы справаў унутры краіны, маючы магчымасць загадзя падрыхтавацца да той непазбежнай і суровай рэальнасці, якая чакае краіну адразу пасля заканчэння навагодніх вакацыяў – рэцэсіі.