18 траўня 2024, Субота, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памятай пра «Дзяды» (Фота, відэа)

3
Памятай пра «Дзяды» (Фота, відэа)

Дзень памяці продкаў - «Дзяды» -- беларусы адзначылі 2 лістапада масавымі акцыямі, у якіх прынялі ўдзел некалькі тысячаў чалавек. Сёлета штогадовая традыцыйная акцыя «Дзяды» была знамянальная тым, што 20 гадоў таму менавіта з яе пачаўся адкрыты супраціў беларусаў камуністычнаму рэжыму.

У 1988 годзе ў Менску прайшоў масавы антысавецкі мітынг, арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. Даведаўшыся страшную праўду Курапатаў, людзі прыйшлі ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць тысячаў суайчыннікаў, расстраляных у гэтым месцы ў гады сталінскіх рэпрэсіяў. Тады ўпершыню за дзесяцігоддзі жыцця ў складзе СССР і падпольнага змагання за незалежнасць беларусы адкрыта паднялі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Сёлета акцыя прайшла двума маршрутамі. Калона актывістаў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, лідэрам якой з'яўляецца Зянон Пазняк, што знаходзіцца на эміграцыі, пачала фарміравацца ў 10.30 каля гадзіннікавага заводу «Луч». Актывісты Партыі БНФ на чале з Лявоном Баршчэўскім вырашылі правесці акцыю па маршруце 20-гадовай даўніны і сабраліся ў 12.00 ля ўваходу на Усходнія могілкі, дзе пахаваныя многія вядомыя беларусы, дзеячы беларускага Адраджэння.

Кветкі і вянкі з бел-чырвона-белымі стужкамі былі ўскладзеныя на магілы пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, паэта Пімена Панчанкі, аднаго з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронта і партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Міхася Ткачова, журналіста, рэдактара газеты «Свабода» Ігара Герменчука, фатографа Уладзіміра Кармілкіна. Каля кожнай магілы лідэры партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка выступілі з прамовай, у якой падкрэслілі ўнёсак пахаваных тут людзей у развіццё беларускай культуры і беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Ля магілы Васіля Быкава быў выкананы гімн «Магутны Божа». Людзі ўрачыста спявалі дарагія кожнаму беларусу словы, трымаючы ў руках нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Дарэчы, колькасць нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў на акцыі «Дзяды» была велізарнай. Практычна кожны ўдзельнік акцыі нёс нацыянальны сцяг ці навязаў на вопратку бел-чырвона-белыя стужачкі. Лунала таксама шмат сцягоў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». 7 чалавек неслі вялікую бел-чырвона-белую палатніну. Бліжэй да Курапатаў быў разгорнуты нацыянальны сцяг яшчэ большых памераў - 18 на 9 метраў, яго ўжо неслі два дзясяткі чалавек.

На чале калонаў людзі неслі расцяжкі «Дзяды. 1988 - 2008», «Еўрапейская Беларусь», «Свабоду палітвязням!», «Свабоду Баразенку!», «Не - рэпрэсіям!», «БНФ - за Дзяды», «Малады Фронт», «Маладая Беларусь памятае», «Ушануем ахвяраў Курапатаў», «Абаронім Беларусь ад пекла расейскага імперыялізму», а таксама звон, пад жалобны гук якога рухалася калона. Мастак Алесь Пушкін нёс партрэт праваслаўнага святара Георгія Бортніка, расстралянага камуністамі ў 1952 годзе. Рама партрэта сімвалізавала краты.

Шэсце жалобнае, людзі ішлі моўчкі, але часам моладзь пачынала гучна скандаваць «Жыве Беларусь» ці спявала «Магутны Божа», «Пагоню», «Я нарадзіўся тут».

Дарэчы, паказальна, што сёлета ў акцыі «Дзяды» прыняла ўдзел шмат моладзі. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту», «Моладзі БНФ», «Маладых дэмакратаў», «Маладой Беларусі» ішлі ў адной калоне з удзельнікамі акцыі 20-гадовай даўніны, людзьмі сталага веку.

Лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97, што ўдзел моладзі ў акцыі «Дзяды» вельмі важны і сімвалічны, таму што менавіта з гэтай акцыі ў 1988 годзе пачаўся шлях Беларусі да свабоды, незалежнасці і дэмакратыі. І сёння, калі ў Беларусі зноў пануе дыктатура, маладыя беларусы павінны змагацца за будучыню сваёй краіны.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель адзначыў: «20 гадоў таму з шэсця «Дзяды» пачаўся адкрыты супраціў камуністычнай дыктатуры, пачаўся новы этап змагання за незалежнасць Беларусі. І мы, выходзячы кожны год на гэтую акцыю, аддаем даніну памяці нашым продкам, якія змагаліся за незалежнасць нашай краіны, якія цярпелі рэпрэсіі, якіх расстрэльвалі ў Курапатах і іншых месцах, якія аддалі жыццё за незалежную еўрапейскую Беларусь».

Акрамя традыцыйных расцяжак, удзельнікі акцыі неслі ў руках транспаранты «Свабоду палітвязням!».

«Мы хочам сказаць беларусам і міжнароднай супольнасці, што ў Беларусі застаюцца палітвязні. У турме знаходзіцца актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка. Да абмежавання волі прысуджаныя ўдзельнікі «Працэсу 14-ці». У краіне ёсць палітвязні, людзей пераследваюць за палітычныя погляды», - сказаў прэс-цэнтру Хартыі'97 Зміцер Дашкевіч.

Дзве калоны, арганізаваныя Партыяй БНФ і Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй БНФ, ішлі рознымі маршрутамі, але аб'ядналіся перад самымі Курапатамі. Агульная колькасць удзельнікаў акцыі склала некалькі тысячаў чалавек, якія прайшлі да ўрочышча, дзе былі праведзеныя два мітынгі. На мітынгах выступілі лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, намеснікі старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў і Юрась Беленькі.

У Курапаты таксама прыйшла Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Па стане здароўя яна не змагла прайсьці ўвесь шлях разам з калонай. Выступаючы на магіле свайго бацькі, Мая Тодараўна сказала, што для яе значаць сённяшнія «Дзяды»: «Галоўнае - гэта абуджэнне людзей. Людзі ідуць сюды, у Курапаты, і паказваюць, наколькі яны ўжо абудзіліся. Я радуюся, што Беларусь ужо не засне. А для мяне асабіста важна, што такому грамадству нічога не страшна. Тут усё адзіныя сэрцам».

Памяць расстраляных у Курапатах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў людзі ўшанавалі хвілінай маўчання. Затым людзі ўсклалі кветкі да крыжоў, якіх у Курапатах усталявана некалькі сотняў. Гэтыя крыжы ў Курапатах усталёўвалі не ўлады, а грамадскія актывісты. Улады ж адмовіліся нават ахоўваць мемарыял, з-за чаго помнікі ў Курапатах часта руйнуюцца вандаламі.

«Трэба трымаць свой сцяг. Тады, у 1988 годзе, працоўных - актывістаў БНФ - на Трактарным заводзе было пяць чалавек. Але калі падняліся рэзка кошты ў 1991 годзе і людзі вышлі на страйк, пачалі фарміраваць страйкамы, у гэтыя страйкамы запрасілі актывістаў БНФ, таму што яны прыносілі на завод улёткі, яны хадзілі на акцыі, яны распавядалі аб тым, што на самой справе адбываецца ў краіне. Калі прыціснула, яны адразу ж далучыліся да нацыянальнага сцяга. Таму наш сцяг трэба трымаць, а людзі далучацца», -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі'97 пасля заканчэння акцыі «Дзяды» намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках