29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Роднае»: беларускі дыск Аляксандра Растопчына (Відэа)

5
«Роднае»: беларускі дыск Аляксандра Растопчына (Відэа)

Майстар блюзавай гітары Аляксандр Растопчын прэзэнтаваў у арыгінальнай трактоўцы 10 мелодыяў, добра знаёмых кожнаму беларусу.

Аляксандр Растопчын (www.rastopdesigns.com) -- віртуозны гітарыст легендарных "Песняроў" жыве ў Амерыцы шмат гадоў. Дае канцэрты, выпускае дыскі. Але гэты альбом не падобны на тое, што музыка рабіў раней. "Роднае" (www.rodnaje.com) - гэта зусім не настальгічны ўздых і нават не спроба асэнсаваць гісторыю Беларусі ў музыцы.

Гэта проста вандроўка па Беларусі - вандроўка па зблытаных каардынатах часу і прасторы, дзе вехі - не кіламетры і не даты, а маршы і вальсы, рамансы і паланэзы. Усе яны былі пакінутыя нам на памяць у розны час, але ў адной кропцы прасторы. Гэтая кропка - Беларусь. Гэта яе гісторыя і яе геаграфія.

Тут, у гэтым пункце прыбыцця, Міхал Клеафас Агінскі піша свой паланэз "Развітанне з Радзімай" у кабінеце, за вокнамі якога сялянкі журботным хорам спяваюць "Купалінку". Тут полк паўстанцаў, якія спяваюць "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", праходзіць каля дома паненкі, якая плача над "Зоркай Венерай". Тут гукі "Пагоні" урываюцца разам з ветрам у свецкі салон, дзе музыцыруе Напалеон Арда. Тут няма падзелу на мінулае і будучыню, таму што разам з духоўным гімнам "Магутны Божа" чутныя гукі будучыні - ода Бетховена "Да радасці", гімн сённяшняй Еўропы. І востры перац гітары Аляксандра Растопчына прымушае верыць у тое, што ўсё магчыма.

Сяргей Картэс, вядомы беларускі кампазітар:

-- Я тры разы запар, не перарываючыся, праслухаў дыск Аляксандра Растопчына "Роднае" - настолькі мне ўсё спадабалася. Больш за ўсё - апрацоўка, а яшчэ - чысціня самой мелодыі, якая захавалася вельмі празрыста, і выкананне ўсёй групай, якая працавала над запісам. Наогул слуханне гэтай музыкі дае велізарную асалоду, і слухаць яе ў гэтай апрацоўцы - асабліва. Гэта не рок у чыстым выглядзе, вельмі тонкая праца. Гэта прымушае слухаць зноў і зноў і атрымліваць кожны раз усё большае задавальненне.

Вельмі добры падбор мелодыяў. Я б, можа, знайшоў яшчэ нямала варыянтаў, якія таксама выдатна прэзэнтавалі б беларускую музыку, але гэта, на мой погляд, самыя яркія і самыя знаёмыя мелодыі, што немалаважна, таму што слухач, не знаёмы з беларускай музыкай, атрымае дастаткова інфармацыі аб ёй, а слухач тутэйшы атрымае ўсё, што ён ведае і любіць. Калі чакаеш з'яўлення знаёмай мелодыі, і яна пачынаецца ў новай апрацоўцы - нечаканай, мяккай, цікавай, часам рытмічна-моцнай, з якой раптам выцякае тэма, - гэта вельмі цудоўна. Як прафесійны музыка і кампазітар я магу сказаць, што гэта вельмі высокі клас працы.

Зміцер Падбярэзскі, музычны крытык:

Прызнацца, нічога падобнага ў галіне беларускай музыкі яшчэ не выдавалася. Хіба што ў межах сумеснага праекту "Я нарадзіўся тут" некаторыя класічныя творы беларускай песеннай культуры зазналі дастаткова смелыя прачытанні.

Ужываючы шматлікія апрацоўкі гуку, смела і ўмела падыходзячы да арыгіналаў, тонка распісваючы асобныя мелодыі Аляксандр Растопчын відавочна пераследуе адну з галоўных мэтаў, дзеля чаго ён і ўзяўся за працу. Ён упісвае творы мінулага ў самы сучасны кантэкст. Ён не разглядае традыцыю як нешта застылае, а як чалавек безумоўна творчы ўносіць у традыцыю не толькі ўласнае яе бачанне, але і дух сучаснасці, што, безумоўна, ажыўляе, здавалася б, застылыя ледзь не ў бронзе опусы. Вельмі раю праслухаць гэты альбом, хаця б для таго, каб у знаёмым адкрыць для сябе шмат новага…

Алег Клімаў, музычны крытык:

Геніяльны беларускі гітарыст-віртуоз Аляксандр Растопчын, які жыве апошнія з дзясятак гадоў на нью-ёркшчыне, з дапамогай Ірвіна Гросмана (труба, флюгель горн) і Сьюзэн Гросман (валторна) запісаў надзвычайную інструментальную кружэлку з радыкальнымі (беражліва, акуратна радыкальнымі; у гэтым кантэксце - цалкам праігнараваўшы ўстойлівыя штампы) версіямі беларускай "стандартнай" класікі.

Абсалютна свабодная, напоўненая духам/паветрам, пазбаўленая ад аранжыровачных клішэ, бязмежна фантазійная, дзесьці з гумарам і добрымі хітрыкамі, дзесьці дакладна амаль пафасна, мудрая і, само сабой, гіперпрафесійная кружэлка. Лёгкасць, у якой бездань працы і розуму; тонка і нідзе не ірвецца; не звальваючыся ва ўра-са-слязой-патэтыку, якая просіцца, і не пераходзячы межы, за якімі пачынаецца схільнасць ці да самалюбавання, ці да блюзнерства без тармазоў. І, вядома, любоў. Не на паказ.

Праслухаўшы гэты альбом, бачыш тую страшэнную розніцу паміж стандартным мысленнем многіх і многіх айчынных інструменталістаў (і гітарыстаў, і ня), выканаўцаў, калектываў (нават лепшых з лепшых) і незакамлексаваным мысленнем Растопчына. Розніца ў цэлы свет.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках