Беларускі крызіс у лічбах
17- 2.12.2008, 15:47
У Беларусі толькі за кастрычнік месяц аб'ем рознічнага таваразвароту знізіўся на 3,8%. Беларусы сталі больш эканомнымі ў сваіх выдатках.
Кастрычнік стаў чорным месяцам для чорнай металургіі Беларусі. Зніжэнне вытворчасці ў гэтай галіне, якая аказалася найбольш адчувальнай да сусветнага фінансавага крызісу, склала мінус 23,7% у параўнанні з вераснем. Да канца года зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці і аказання паслугаў можа закрануць і іншыя сектары беларускай эканомікі, паведамляюць «Беларускія навіны».
Па асобных відах прадукцыі справы ідуць яшчэ горш. Напрыклад, у кастрычніку было выпушчана менш трамвайных вагонаў і каньяку на 66,7%, электрапыласмокаў — на 51,7%, электраплітаў — на 46,9%, вытворчасць праката чорных металаў скарацілася на 35,9%, макаронных вырабаў — на 23,1%, матацыклаў — на 19,5%, мінеральных угнаенняў — на 12,3%, расліннага алею — на 11,2%, тэлевізараў — на 8,7%, трактароў — на 7,1%, аўтамабільнага бензіну — на 6,4%, дызельнага паліва — на 3,8%, цэменту — на 2,5%.
Гэтыя галіны шмат у чым завязаныя на знешнія рынкі, дзе зараз назіраецца прыкметнае падзенне попыту і коштаў. А пакупнікі беларускай прадукцыі часцяком просяць аб адтэрміноўцы плацяжу на 3-6 месяцаў.
У цэлым жа аб'ём вырабленай прамысловай прадукцыі скараціўся ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем на 2,9%. Сярод рэгіёнаў больш за усіх зменшыла абароты Гарадзенская вобласць — мінус 10%. Віцебская скараціла вытворчасць на 7,3%, Менская — на 5,9%, а Гомельская вобласць на 2%.
Яшчэ адзін непрыемны для ўрада факт: валютная выручка зніжаецца трэці месяц запар. Са жніўня па кастрычнік ад прададзенай за мяжу прадукцыі паступіла валюты менш амаль на 25%. Прычым у верасні падзенне склала адразу 12,9% у дачыненні да жніўня.
Паколькі большасць беларускіх фабрыкаў і заводаў завязаныя на Расеі, якую крызіс закрануў далёка не ўскосна, нядзіўна, што менавіта адтуль грошай паступіла менш за усё. Толькі за кастрычнік валютная выручка знізілася на 16,1% — да 839,377 млн. даляраў. Гэта самы нізкі паказчык са студзеня 2008 года.
Між тым, хоць прадпрыемствы і сталі менш вырабляць, значная частка іх тавара з канвеера наўпрост адпраўляецца на склад. За 10 месяцаў запасы гатовай прадукцыі выраслі адразу на 43,2%. Па стане на 1 лістапада 2008 года на складах фабрыкаў і заводаў назапасілася прадукцыі на суму больш як 2 млрд. даляраў. І гэтыя сродкі фактычна замарожаныя.
Больш за ўсё на складах пыліцца бытавых гадзіннікаў. Іх запасы ў 29,1 разоў перавышаюць сярэднемесячную вытворчасць. Не лепшым чынам сітуацыя і па іншых відах тавараў. Запасаў ільняных тканінаў больш у 7,1 разоў, ваўняных тканінаў у 4,7 разы, садавінагародніных кансерваў у 3,6 разы, цукры-пяску ў 3,3 разы, матацыклаў у 2,8 разы, пральных машынаў у 2,55 разы, ровараў у 2,14 разы, вінаградных вінаў у 1,71 разы, аўтобусаў у 1,7 разы, металарэзных станкоў у 1,5 разы, падшыпнікаў у 1,45 разы, шпалераў — на 133,4%, тэлевізараў — на 118,3%.
Рост таварных запасаў толькі пацвярджае пагаршэнне сітуацыі ў знешнім гандлі, і, па ўсёй бачнасці, гэтая тэндэнцыя ў хуткім часе таксама будзе працягвацца, лічаць эксперты.
Акрамя таго, аналітыкі ПРАЙМ-ТАС зважаюць на тое, што ўвод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніцаў фінансавання ўпаў у кастрычніку ў параўнанні з папярэднім месяцам больш як ў пяць разоў — да 168,8 тыс. кв. м.