18 траўня 2024, Субота, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фонд дзяржмаёмасці не ведае пра продаж МАЗа?

7

"Прадметных прапаноў ад галіновых органаў дзяржкіравання па рэфармаванні такіх буйных прадпрыемстваў, як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, БМЗ, не паступала," – заявіла сёння дырэктарка Фонду дзяржмаёмасці Наталля Жарнасек.

Урад Беларусі разглядае магчымасць раздзяржаўлення шэрагу буйных прампрадпрыемстваў, сказала службоўка "Інтэрфаксу". "Пытанні рэфармавання дзяржпрадпрыемстваў, у тым ліку буйных, у прынцыпе, прапрацоўваюцца, але пэўныя тэрміны іх раздзяржаўлення залежаць ад шматлікіх фактараў", – адзначыла Жарнасек.

"Прадметных прапаноў ад галіновых органаў дзяржкіравання па рэфармаванні такіх буйных прадпрыемстваў, як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, БМЗ, не паступала", – дадала яна, каментуючы фармаванне пераліку акцыянаваных у 2008 годзе дзяржпрадпрыемстваў. Дырэктарка Фонду дзяржмаёмасці паведаміла, што завяршэнне працэдуры ўзгаднення пераліку акцыянаваных у 2008 годзе прадпрыемстваў чакаецца ў канцы лютага.

Па дзіўным супадзенні, менавіта сёння інтэрнэт-СМІ паведамілі, што з АПіЗа (аддзела працы і заработнай платы) Менскага аўтамабільнага завода паступіла інфармацыя пра тое, што перад ім пастаўленая задача аб падрыхтоўцы да скарачэння калектыву завода на 5 тысяч чалавек. Як сцвярджаюць супрацоўнікі АПіЗа, гэта звязанае з змяненнем уладальніка аўтазавода, якое мае адбыцца.

Гэтыя звальненні, нібыта, павінны адбыцца яшчэ да продажу прадпрыемства – менавіта такія ўмовы пастаўленыя пакупніком. Такім чынам, адказнасць за ажыццяўленне непапулярных мер будзе ўскладзенае на цяперашняга ўладальніка МАЗа, то бок, на беларускую дзяржаву.

Некалькі тыдняў таму аналітыкі сайта Expertby.org зрабілі здагадку наконт першых прыкметаў падрыхтоўкі беларускага МАЗа. На іх думку, падрыхтоўка пачалася ў канцы снежня мінулага года, практычна адразу пасля афіцыйнага візіту Пуціна ў Беларусь. Выказвалася здагадка, што МАЗ, магчыма, будзе прададзены расейскаму алігарху. Пакупнік, верагодна, асабісты сябар Уладзіміра Пуціна Алег Дзерыпаска.

Таксама, у сярэдзіне студзеня на МАЗе прайшла незвычайная інвентарызацыя маёмасці. Замест фармальнага падпісання папер быў праведзены рэальны агляд і пералічэнне ўсёй маёмасці прадпрыемства, у тым ліку:

- інвентарызацыя незавершанай вытворчасці (то бок, усіх дэталяў, якія знаходзяцца ў цэхах, але яшчэ не пастаўленыя на аўтамабілі);

- інвентарызацыя будынкаў з выкарыстаннем найноўшага абсталявання, такога як лазерныя рулеткі. (Пры гэтым апынулася, што вытворчыя плошчы прыкметна большыя, чым яны праходзілі раней па дакументах, аформленых па выніках вымярэнняў звычайнымі прыладамі);

- інвентарызацыя асабістых складоў-«прыхаванак», якія слесары-рамонтнікі ствараюць, здымаючы дэталі з спісаных станкоў (такога ніколі раней не было);

- інвентарызацыя расліннасці на тэрыторыі прадпрыемства: дрэў, кустоў, кветнікаў (такога таксама ніколі раней не праводзілася).

Тое, што пакупніком МАЗа можа быць Алег Дзерыпаска, эксперты сайта вырашылі пасля таго, як кіраўніцтва прадпрыемства зачасціла ў Ніжні Ноўгарад на ГАЗ, які належыць Дзерыпаску, на рознага чыну сустрэчы. А 3 студзеня (у афіцыйны расейскі выходны) МАЗ наведаў кіраўнік службы якасці Заволжскага маторнага завода, уваходнага ў бізнэс-імперыю Дзерыпаскі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках