banner1 banner1 banner1

29.02.2008

Каліноўскі ў джынсах

15:38, — Палітыка

На днях у Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі Людмілы Асіпенкі і Катажыны Квяткоўскай «Кастусёў дзёньнік». Кніга складаецца з 12 аповесьцяў чатырнаццаці студэнтаў, вымушаных сёньня навучацца ў Польшчы. Гэта «простыя чалавечыя гісторыі пра дзяцінства, захапленьні, жыцьцёвы выбар, малыя і вялікія справы».

Ідэя напісаньня кнігі паўстала ў ліпені 2006 году ў інтэрнаце «Бабілён», дзе падчас падрыхтоўчых летніх курсаў жылі ўдзельнікі праграмы імя Кастуся Каліноўскага.

«З Касяй я пазнаёмілася ў Менску, падчас яе валянтарыяту ў межах праграмы «Моладзь», - распавядае Людміла Асіпенка пра сваю сяброўку і суаўтарку. Шмат што ў іх стасунках яна лічыць незвычайным і сымбалічным. Напрыклад, тое, што 14 сакавіка 2006 году Люду адлічылі з унівэрсытэту, а ўначы з 14 на 15 сакавіка Касю не ўпусьцілі ў Беларусь пасьля паўгадавога побыту за мяжой. Ёсьць у іх і такая супольная рыса, як жаданьне рабіць задуманае, не залежна ад матэрыяльных абставін. «Кастусёў дзёньнік» — гэта некамэрцыйны праект, кніга распаўсюджваецца бясплатна. За яе напісаньне аўтаркі не атрымалі ніякіх ганарараў, рабілі таму, што справа іх захапіла.

Пра твор і яго герояў Людміла і Катажына гавораць: «Мы стараліся паказаць сьвет іх вачыма і назвалі кнігу дзёньнікам. Кніга збудаваная нелінейна, кожная гісторыя — гэта цэлы сьвет, самастойны, незалежны ад астатніх. Алё ёсьць кропка, у якой усе гэтыя гісторыі перакрыжаваліся — праграма Каліноўскага. Таму і дзёньнік менавіта Кастусёў. Мы не будавалі схемаў, не малявалі шаблёнаў. Хацелася пакінуць прастору для разважаньняў. Спадзяёмся, што нам гэта ўдалося».

Кніга складаецца зь дзьвюх частак. Адна зь іх — на польскай мове, другая — на беларускай і расейскай. Такое моўнае рашэньне аўтаркі называюць невыпадковым. «...Нашая Беларусь — розная: стракатая, інтэлігентная тусоўкавая, г.д. Каб рэалістычна паказаць сучасную беларускую моладзь у асобах нашых герояў, дзьвюхмоўя не пазьбегнуць,» — упэўненыя Люда і Кася.

Падчас прэзэнтацыі кнігі ў Менску беларуская паэтка Валярына Кустава прачытала свой верш «Каліноўскі ў джынсах», правёўшы паралель між сьмелым ваяром і Людмілай. Падабенства і сапраўды ёсьць: у натхнёнасьці, энэргічнасьці, мэтаскіраванасьці. Маладая аўтарка і студэнтка мае яшчэ багата задумаў.

Пра прэзэнтацыю «Кастусёвага дзёньніка» і саму кнігу Людміла Асіпенка гаворыць: «Я пад вялікім уражаньнем і ад прэзэнтацыі, і ад рэфлексіяў маіх сяброў і знаёмых на кнігу. Вельмі прыемна было бачыць сьветлыя твары тых, хто прыйшоў. Ня менш расчулілі смс-кі ўначы ад дзяўчат з майго былога ўнівэрсытэту, якія за гэты кароткі час праглынулі кнігу і нават плакалі. Для мяне вельмі важная МЕНАВІТА ІХ ацэнка і прызнаньне. Бязьмежна ўдзячная сяброўкам і сябрам, якія зрабілі неверагодную працу па падрыхтоўцы і арганізацыі самой прэзэнтацыі, а таксама гуртам, якія выступілі.

«Кастусёў дзёньнік» - наша з Касяй першая сур’ёзная праца, і, натуральна, для нас гэта падзея. Вельмі цешыць, калі бачыш, што людзям цікава і патрэбна нашая кніга. Пра гэта сьведчыць хаця б тое, што экзэмпляраў на ўсіх ахвотных атрымаць у падарунак кнігу не хапіла».

Людміла і Катажына запрашаюць усіх, хто жадае пазнаёміцца з кнігай, завітаць на старонкі www.pk.pl i www.studium.uw.edu.pl, дзе выкладзены яе электронны варыянт.

Зьвесткі пра аўтарак:

Людміла Асіпенка

Вывучае культуразнаўства ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Выпускніца Беларускага Калегіюму па спэцыяльнасьці журналістыка.

З 2004 году актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім руху ў Беларусі.

У сакавіку 2006 году ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта РБ з палітычных матываў адлічаная з БДПУ імя Максіма Танка.

Катажына Квяткоўска

Вывучае міжнародныя стасункі (спэцыяльнасьць “Усходазнаўства”) ва ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча ў Познані і беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Часта бывала ў Беларусі: праходзіла стажыроўкі ў Беларускім інстытуце правазнаўства ў Менску, супрацоўнічала ў межах эўрапейскага валянтарыяту зь незалежнымі моладзевымі арганізацыямі.

У сакавіку 2006 году як міжнароднаму назіральніку АБСЭ ёй адмовілі ў наведваньні Беларусі.

Стыпэндыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага была падпісаная 30 сакавіка 2006 году прэм’ер-міністрам Польшчы Казімірам Марцінкевічам і лідэрам блёку дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама прадстаўнікамі Канфэрэнцыі рэктараў польскіх ВНУ і Канфэрэнцыі рэктараў польскіх унівэрсытэтаў. Каардынуецца аддзелам Праграмы пры Студыюме Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Першапачаткова праграма прызначалася для студэнтаў, адлічаных зь беларускіх унівэрсытэтаў, пасьля пашырылася на асобаў, якія з палітычных матываў ня могуць вучыцца ў Беларусі.

Дар’я Гарошка, “Наша Ніва”

Напісаць каментар (0)

ElectroName.com - новости белорусского интернета

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31

Старая версія сайта

Байкот-2008

Ці варта браць удзел у выбарчым фарсе?

Уладзімір Халіп

Спецыяльна для Хартыі'97: Недарэчныя прыгоды перадвыбарчай інтрыгі

Андрэй Кім, палітвязень

Затрыманы на акцыі прадпрымальнікаў

Аляксандр Казулін, палітвязень

Кінуты за краты за акцыі пратэсту

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч

Лідэр прадпрымальнікаў арыштаваны пасля акцыі пратэста

Іншыя падборкі

Подписка на рассылку


Введите ваш e-mail: