У Менск прыбыў новы кіраўнік офіса АБСЕ
8:29, — Палітыка
4 лютага ў Менск прыбыў новы кіраўнік офіса АБСЕ Ханс-Ёхан Шмідт.
У інтэрв'ю БелаПАН пасля свайго прызначэння германскі дыпламат падкрэсліў, што пасада кіраўніка офіса АБСЕ ў Менску – "вялізны гонар" для Нямеччыны і для яго асабіста. "Такія арганізацыі, як АБСЕ, – добры форум, які дае Беларусі ўсе магчымасці, каб палепшыць стасункі з іншымі краінамі, паглыбіць супрацоўніцтва, і ў прыватнасці палітычны дыялог", – заявіў Х.-Ё.Шмідт.
Пасля прыезду ў Менск новы кіраўнік офіса АБСЕ плануе азнаёміцца з сітуацыяй у Беларусі і праграмамі, якія рэалізуе прадстаўніцтва арганізацыі. Пасля дыпламат вылеціць для кансультацый у Капенгаген у штаб-кватэру Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Даведка. Ханс-Ёхан Шмідт пачаў дыпламатычную кар'еру ў 1979 годзе. Працаваў у Егіпце, Конга і ЗША. У 1992 годзе атрымаў пасаду намесніка падраздзялення аддзела еўрапейскіх стасункаў у МЗС Нямеччыны. З 1996 па 1998 гады працаваў намеснікам генеральнага консула, з 1998 па 2000 гады – генеральным консулам амбасады Нямеччыны ў Санкт-Пецярбургу. У 2000 годзе быў прызначаны на пасаду намесніка кіраўніка амбасады Нямеччыны ва Украіне. Да прызначэння ў Менск узначальваў аддзяленне культурных сувязяў у МЗС Нямеччыны. Валодае ангельскай, французскай і расейскай мовамі.





