У школах Менска з'явяцца класы Венесуэлы
9
13:31, — Грамадства
Дэлегацыя з Венесуэлы ўжо наведвала менскія школы №114 і №139, дзе вывучаюць гішпанскую мову, пасля чаго, па словах другога сакратара па пытаннях культуры і прэсы амбасады Венесуэлы Марыі Алены Рохас, і нарадзілася ідэя стварыць там клас Венесуэлы.
Пры гэтым Марыя Алена Рохас падкрэсліла, што амбасада спадзяецца рэалізаваць гэтую ідэю пры падтрымцы венесуэльскай кампаніі PDVSA Gaz Communal, якая пачынае сумесны праект з “Белтопгазом” па газіфікацыі венесуэльскага горада Барынас, піша «Завтра твоей страны».
Па заканадаўстве Венесуэлы 5% ад кошту сваіх прац кампаніі накіроўваюць на сацыяльныя патрэбы рэгіёна, у якім працуюць. Па словах працаўніка амбасады, PDVSA Gaz Communal накіруе гэтыя грошы ў Беларусь. Зрэшты, яна падкрэсліла, што «працэнт» гэтых грошай яшчэ не вызначаны.
Адзначым таксама, што міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў на нарадзе працаўнікоў сістэмы адукацыі 11 студзеня заявіў, што ў Беларусі неабходна пачаць падрыхтоўку інжынераў і будаўнікоў з веданнем гішпанскай мовы.
Дарэчы, гішпанская мова значна прасцейшая за модную сёння ў Беларусі кітайскую, якую пачалі вывучаць у беларускіх школах з прычыны ўзмацнення дружбы з Кітаем. Зрэшты, міністр адукацыі лічыць, што вывучэнне кітайскай таксама не трэба запускаць, асабліва на інжынерных спецыяльнасцях.





