9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чакае беларускі Інтэрнэт?

19

Днямі міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што ў Беларусі абавязкова будзе прыняты закон “Аб інтэрнэце”.

Спэцыяльная міжведамасная группа, па яго словах, пачала ўжо вывучаць досьвед іншых краінаў у гэтым пытаньні. Тым часам “дэпутаты” так званай “палаты прадстаўнікоў” нічога пра законапраект не ведаюць.

Заявы пра неабходнасьць кантролю за беларускім сэктарам інтэрнэту апошнім часам чуваць рэгулярна. Нават Аляксандар Лукашэнка летась заявіў, што насьпела неабходнасьць навесьці парадак у інтэрнэце. Чаму інтэрнэт не дае спакою дзяржаўным чыноўнікам? - задаецца пытаньнем “Радыё Свабода”

Некаторыя экспэрты кажуць пра імклівы рост аўдыторыі інтэрнэту ў Беларусі: паводле апошняй справаздачы ААН, болей за 50% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Як лічыць галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандр Старыкевіч, “Інтэрнэт —адзіная галіна, дзе незалежныя СМІ маюць відавочную перавагу над дзяржаўнай прапагандай. Таму гэтая тэма сапраўды хвалюе ўлады. Іншая рэч, што ў іх пакуль цяжка атрымліваецца прыдумаць, як гэта ўсё сапраўды можна паставіць пад кантроль”.

Дэпутаты пра законапраект нічога ня ведаюць

У самім Міністэрстве інфармацыі з нагоды заявы Ўладзімера Русакевіча нічога ня кажуць. Затое выказваньне чыноўніка стала навіной для старшыні камісіі правоў чалавека і сродкаў масавай інфармацыі “палаты прадстаўнікоў” Юрыя Кулакоўскага. На просьбу пракамэнтаваць ініцыятыву Русакевіча ён адказаў, што такога законапраекту на разглядзе ў “парлямэнце” няма.

Паводле “дэпутата”, міністар на гэты момант, відавочна, ведае больш, чым “заканадаўцы”.

Між тым на адкрыцьці кніжнай выставы Ўладзімер Русакевіч заявіў: усе дзяржавы займаюцца праблемай рэгуляваньня дзейнасьці інтэрнэт-СМІ, а ў Беларусі напрацовак у гэтым пытаньні няма. Таму спэцыяльная міжведамасная працоўная група вывучае ўсясьветную практыку, пасьля чаго ўнясе прапановы ў Міністэрства інфармацыі. Русакевіч перакананы, што ў будучыні ня толькі асобныя інфармацыйныя рэсурсы, але і інтэрнэт-вэрсіі пэрыядычных выданьняў будуць рэгістравацца як СМІ.

Камэнтуючы заяву міністра інфармацыі пра неабходнасьць “закону аб інтэрнэце”, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў думку: у такім выпадку ўзьнікне сытуацыя, калі зарэгістраваць інтэрнэт-выданьне ў беларускай дамэннай зоне будзе складана.

Да таго ж, на думку экспэрта, пасьля прыняцьця такога законапраекту зьявіцца магчымасьць ужываць санкцыі да рэдакцыяў — прыкладам, спыняць дзейнасьць інтэрнэт-выданьняў або пакінуць выключнае права выпускаць такія выданьні за юрыдычнымі асобамі.

Спадар Бастунец не выключае і “кропкавага перасьледу” журналістаў, якія будуць працаваць у іншых дамэнных зонах. Фармальнай падставай для гэтага можа стаць “Палажэньне аб акрэдытацыі замежных карэспандэнтаў”.

Ці скарыстае Беларусь кітайскую мадэль?

Некаторыя назіральнікі кажуць, што Беларусь паступова прыпадабняецца да Кітаю, які лічыцца адным з самых суровых цэнзараў інтэрнэту. Там, апроч тэкставай, пад кантроль зьбіраюцца ўзяць аўдыё- і відэаінфармацыю, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт.

Беларускія праграмісты яшчэ раней заўважылі, што кітайскі досьвед актыўна выкарыстоўвацца падчас масавых акцыяў апазыцыі, калі зайсьці на сайты незалежных інтэрнэт-рэсурсаў можна толькі абходнымі шляхамі, пра якія ведаюць далёка ня ўсе карыстальнікі.

Законы аб Інтэрнэце існуюць толькі ў аўтарытарных краінах

Дарэчы, у суседняй Расіі асобнага закону аб інтэрнэце няма і, верагодней за ўсё, ня будзе. Там зараз вядзецца пра тое, каб унесьці праўкі да звыклых законаў, якія б рэгулявалі прымяненьне юрыдычных нормаў, што ўжо існуюць, да рэаліяў інтэрнэту.

Як казаў інтэнэт-выданьню “Газета.ру” дырэктар па блёгах «Sup Fabrik» Антон Носік, у бальшыні краінаў сьвету асобных законаў аб інтэрнэце не існуе, ёсьць толькі разьбіўка заканадаўства па пэўных законах. “Асобныя законы аб інтэрнэце існуюць толькі ў аўтарытарных краінах, прыкладам, у Кітаі, для цывілізаваных краінаў гэта не характэрна”, - канстатаваў Носік.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках