9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адзін беларус шукае абароны ад улад у ААН

Актывіст Партыі БНФ з Пінска Аляксандр Рамановіч накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека на парушэнне сваіх грамадзянскіх правоў.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, у індывідуальным паведамленні, адпраўленым у гэты незалежны міжнародны орган 10 сакавіка, актывіст апазіцыі прыводзіць факты, якія, на яго думку, сведчаць пра такія парушэнні.

У прыватнасці, ён лічыць пазапраўным: спачатку яго затрыманне супрацоўнікамі міліцыі 20 сакавіка 2007 года на адной з вуліц Пінска і складанне ў дачыненні яго ў Пінскім ГАУС пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 "дробнае хуліганства", а пасля 22 сакавіка згодна з рашэннем суду – арышт тэрмінам на 5 сутак.

"Дадзеную пастанову актывіст абскардзіў у вышэйшых інстанцыях, якія пакінулі рашэнне суду Пінскага раёна і горада Пінска без змены, а скаргі без задавальнення. Вычарпаўшы ўсе прававыя сродкі абароны ўнутры краіны, актывіст Партыі БНФ прыняў рашэнне звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека", – распавёў праваабаронца.

Паводле яго слоў, у скарзе актывіст апазіцыі адзначае, што затрыманне 20 сакавіка 2007 года і наступны арышт ён звязвае з сваімі грамадзянскімі поглядамі і партыйнай прыналежнасцю. А.Рамановіч лічыць, што стаў ахвярай кампаніі запалохвання і рэпрэсій перад Днём волі 2007 года, калі непасрэдна перад гэтай датай у Беларусі былі затрыманыя, арыштаваныя або падвергнутыя іншым рэпрэсіям каля 100 чалавек. У сваёй скарзе актывіст прыкладае іх спіс.

На мінулым тыдні прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэта па правах чалавека ў Салігорскам раёне Леанід Мархотка атрымаў адказ ад Камітэта па правах чалавека ААН пра тое, што ўсе чатыры яго скаргі, датычныя накладання на яго адміністрацыйных спагнанняў, былі разгледжаныя Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і адпраўленыя ў Жэневу для далейшага разгляду.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што да 2006-га года КПЧ ААН прыняў да разгляду 15 скарг з Беларусі, 14 з якіх былі задаволеныя. У 2007 годзе такіх скарг было ўжо некалькі дзесяткаў. Рашэнні камісіі з'яўляюцца абавязковымі для краін-удзельніц ААН. Аднак у ААН не створаныя прававыя механізмы, якія маглі б прымусіць краіны выконваць свае абавязальніцтвы па аднаўленні парушаных дзяржавай правоў чалавека.

Такі механізм існуе пры звароце ў Еўрапейскі Суд па правах чалавека. Але з 1996 года, пасля антыканстытуцыйнага перавароту, здзейсненага кіраўніком краіны, Беларусь, адзіная з 46 еўрапейскіх дзяржаў, не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы. Адпаведна грамадзяне нашай краіны не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд для абароны сваіх правоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках