9 чэрвеня 2026, aўторак, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: Фільм «Дзень Волі» – пра еўрапейскую ментальнасць беларусаў

3

Дакументальна-публіцыстычны фільм Уладзіміра Арлова, Юрыя Хашчавацкага і Алега Дашкевіча "Дзень Волі", паказаны на мінулым тыдні ў Страсбургу, дазволіць суайчыннікам усвядоміць, што гістарычна і ментальна беларусы з'яўляюцца еўрапейцамі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў сцэнарыст, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.

Стужка дэманстравалася ў Еўрапарламенце ў рамках "Беларускага тыдня", прысвечанага 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая акцыя афіцыйна адкрылася ўвечары 11 сакавіка ў Страсбургу (Францыя).

Па словах У.Арлова, аўтары фільма паспрабавалі адказаць на пытанне, чаму 90 гадоў таму БНР не склалася як дзяржава, а Еўропа не ўбачыла сваёй перспектывы, звязанай як з прызнаннем Беларускай Народнай Рэспублікі, так і незалежнай Украіны.

"У фільме мы гаворым пра тое, што калі б з дапамогай вялікіх дзяржаў захавалася незалежнасць Беларусі і Украіны, гэтыя краіны з насельніцтвам 50 мільёнаў чалавек і вялізнымі прыроднымі рэсурсамі маглі б прыкметна паўплываць на ўвесь ход еўрапейскай гісторыі. Бяздушны молах сталінскай імперыі знішчыў усіх бацькоў-заснавальнікаў БНР і прыхільнікаў ідэі беларускай дзяржаўнай незалежнасці, якія засталіся ў Савецкім Саюзе", – адзначыў У.Арлоў.

Ён мяркуе, што еўрапейскія палітыкі павінны прыслухацца да слоў Вацлава Гавела, які без Беларусі і Украіны не ўяўляе завершанай канфігурацыі дэмакратычнай Еўропы. "Разам з сябрамі Рады БНР Івонкай Сурвілай, Сяргеем Навумчыкам і Алесяй Сёмухай мы імкнёмся данесці гэтую ісціну да гледача, як у Беларусі, так і ў дэмакратычнай Еўропе. Бо без Беларусі і Украіны агульнаеўрапейскі арганізм не будзе гарманічным і цэласным", – падкрэсліў У.Арлоў.

У.Арлоў з'яўляецца аўтарам 30 кніг, адзначаных шэрагам прэмій і перакладзеных на еўрапейскія мовы. Для яго гэта не першая спроба напісання кінасцэнару. У другой палове 1990-х гадоў па сцэнарах У.Арлова кінастудыяй "Летапіс" былі пастаўленыя пяць дакументальных эсэ, прысвечаных Ефрасінне Полацкай, Сімяону Полацкаму і знакамітым полацкім лабірынтам.

Для лаўрэата шматлікіх міжнародных і нацыянальных фэстаў дакументальных фільмаў Ю.Хашчавацкага стужка "Дзень Волі" з'яўляецца 35 працай у кіно. Адзін з яго апошніх фільмаў, "Плошча", быў прадстаўлены на 15 кінафэстах. У гэтым годзе ён запланаваны да паказу на фэстах у Румыніі, ЗША, Украіне і Вялікабрытаніі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках