9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі «іміджмэйкер» мае намер зарабіць на Лукашэнку мільёны даляраў

64
Брытанскі «іміджмэйкер» мае намер зарабіць на Лукашэнку мільёны даляраў

Брытанскі дзеяч PR-індустрыі Тымаці Бэл у інтэрв'ю газеце «Moscow Times» заявіў, што за працу над паляпшэннем іміджу Аляксандра Лукашэнкі яго кампанія цягам некалькі гадоў заробіць мільёны даляраў. Нагадаем, што гэтымі днямі Лукашэнка сам прапанаваў Тымаці Бэлу папрацаваць над паляпшэннем яго іміджу на Захадзе.

Апошнімі буйнымі кліентамі брытанца былі гнаны расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, урад Саудаўскай Аравіі і экс-прэм'ер Тайланда Таксін Чынават.

Як піша выданне, цяпер для 66-гадовага нязменна кансерватыўнага паліттэхнолага ёсць новая праца – змяніць грамадскі твар яго апошняга кліента Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка, якому далі мянушку «апошні дыктатар Еўропы», напэўна зойме галоўнае месца ў спісе асоба складаных спраў Тымаці Бэла. «Ён хоча, каб яго краіну лепш разумелі, а яго поспехі лепш прымячалі», – сказаў Бэл у тэлефонным інтэрв'ю «Moscow Times».

На мінулым тыдні беларускі кіраўнік запрасіў Бэла, сябра брытанскай Палаты лордаў, чыя праца апошнім часам круцілася вакол яго сябра і ворага Крамля ў выгнанні Барыса Беразоўскага, у сваю прэзідэнцкую адміністрацыю ў Менску.

Падчас сустрэчы, на якой прысутнічаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, і якая зацягнулася з прычыны таго, што час ад часу перакладчыкі не ведалі, як перакладаць, Лукашэнка сказаў Бэлу, што ён хацеў бы пачуць, як яго кампанія, Bell Pottinger, збіраецца прадаць былую савецкую рэспубліку Захаду.

Бэл адмовіўся раскрыць пэўныя метады рэкламы, якія ён разглядае, але адкрыў сакрэт, сказаўшы, што, па словах Лукашэнкі, «Беларусь – краіна, якая гатовая пайсці на шматлікае, каб яе разглядалі як адкрытую».

«Ён падвысіў пенсіі і зарплаты, і, зразумела, хацеў бы, каб гэтыя факты былі ў цэнтры ўвагі», – сказаў Бэл. «Лукашэнка не бачыць прычын, чаму б Беларусь не магла стаць адначасова сябрам і Захаду, і Расеі», – сказаў ён.

Калі Тымаці Бэла спыталі, ці раіць ён пэўныя змяненні ў палітыцы кліентам, паліттэхнолаг сказаў: «Так, вядома. Але я разглядаю нашу працу хутчэй як развіццё прынятых палітычных рашэнняў, а не ўласна прыняцце палітычных рашэнняў».

У сваёй кар'еры, якая працягваецца чатыры дзесяцігоддзя, Бэл падзяляў сваю працу і асабістыя маральныя прынцыпы, рэдка адмаўляючыся прадстаўляць адзін або абодва бакі ў спрэчцы. Але з прычыны сваіх сяброўскіх стасункаў з Беразоўскім, Бэл, аднак, сказаў: «Я ведаю, што нам бы і не прапанавалі кантракт былыя супрацоўнікі КДБ, але нават калі б гэта здарылася, мы б адмовіліся».

Але ў выпадку Лукашэнкі, гаворыць Бэл, ён ганарыцца працай «па адмене палітыкі ізаляцыі». Паводле яго слоў, беларускі кіраўнік даў «зялёнае святло» адкрыццю офіса Еўрапейскай Камісіі ў Менску. Працягваюцца складанасці з ЗША. У прыватнасці, амбасадар ЗША Карэн Сцюарт часова вярнулася ў Вашынгтон на мінулым тыдні пасля рэкамендацый улад Беларусі. Але ёсць прыкметы таго, што Лукашэнка хацеў бы лепшых стасункаў з Захадам.

Адной з прычын такіх перамен могуць быць праблемы на Усходзе. Рэсурсы ўсё яшчэ моцна цэнтралізаванай беларускай эканомікі вычэрпваюцца, у той час як Расея, у мінулым надзейная суседка, якая прадавала Беларусі энергарэсурсы па льготных цэнах, пачала патрабаваць рынкавых цэн. Тая ж тысяча кубаметраў газу, якую Расея прадавала за 40 даляраў у 2006 годзе, да канца гэтага года, верагодна, будзе каштаваць 170 даляраў. Гэта памяншае памер прыбытку ад расейскага газу, які перапрадаваўся Беларуссю на Захад па сусветных цэнах.

Што тычыцца эканамічных выгод, якія ён атрымае ад дапамогі Лукашэнкі, Бэл сказаў толькі, што яго «кампанія заробіць мільёны даляраў за наступныя некалькі гадоў».

На Захадзе Тымаці Бэл найбольш вядомы сваёй роляй дарадцы ў трох удалых перадвыбарных кампаніях Маргарэт Тэтчер. Bell Pottinger займаўся кампаніяй па прыцягненні ўвагі з боку сродкаў масавай інфармацыі да справы Літвіненкі.

Бэл таксама добра знаёмы з краінамі былога Савецкага Саюза. Былы прэзідэнт Барыс Ельцын выкарыстаў яго парады, калі праводзіў перавыбары ў 1996 годзе. Бэл таксама быў дарадцам Віктара Юшчанкі.

Расея таксама звярталася да парад заходніх PR-фірм. У 2006 годзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін наняў фірму па грамадскіх сувязях з Портленда, калі краіна павінна была выступіць у якасці гаспадара саміту Вялікай Васьмёркі.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках