Улады адмаўляюцца вызваліць Казуліна
17- 19.03.2008, 16:56
Палітвязню Аляксандру Казуліну паўторна адмоўлена ў змякчэнні пакарання, паведамілі "Інтэрфаксу" ў сераду ў выпраўленчай калоніі "Віцьба-3", дзе ён адбывае пакаранне.
Як раней паведамлялася, 13 сакавіка гэтага года дачка А.Казуліна Юлія накіравала прашэнне аб замене яе бацьку пакарання на мякчэйшае. Яна прасіла замяніць астатні тэрмін пакарання на грамадскія або выпраўленчыя працы, а таксама перагледзець 10 парушэнняў рэжыму. У прыватнасці, яна прасіла перагледзець тыя парушэнні, якія былі зафіксаваныя падчас галадоўкі А.Казуліна.
"Адказ на заяву Ю.Казулінай, у якім яна просіць замяніць асуджанаму А.Казуліну пакаранне на мякчэйшае, адпраўлены", – паведамілі ў ВЧ "Віцьба-3". Ю.Казулінай у пісьмовым выглядзе растлумачылі, што пытанне аб замене А.Казуліну пакарання на мякчэйшае было разгледжанае ва ўсталяваны тэрмін і яму адмоўлена ў змяненні пакарання", – распавялі ў ВЧ.
Суразмоўца агенцтва растлумачыў, што "дадзенае рашэнне прынятае на падставе ч. 4 арт. 116 "Усталяванне ступені выпраўлення асуджанага" Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі. Асуджаны А.Казулін за час знаходжання ў калоніі атрымаў 4 спагнанні за парушэнне рэжыму, усяго ў яго было 10 парушэнняў рэжыму выпраўленчай установы".
У ВЧ распавялі, што "А.Казулін пачуваецца нармальна, апошнім часам не парушае рэжым, прэтэнзій з боку кіраўніцтва калоніі да яго няма. Як і раней ён працуе "капцёршкам".
А.Казулін быў асуджаны ў ліпені 2006 года на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды. Вызвалення Вязня Сумлення патрабуюць Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўразвяз.