Калі міністр захоча, ён распавядзе пра свой заробак
6
11:16, — Грамадства
На мінулым тыдні прэс-канферэнцыю для журналістаў праводзіў міністр статыстыкі і аналізу Уладзімір Зіноўскі. Ён распавёў пра тое, якая ў краіне афіцыйная сярэдняя зарплата, аднак, на пытанне "Народнай волі", якія зарплаты маюць беларускія міністры, Уладзімір Зіноўскі не адказаў, спаслаўшыся на заканадаўства.
Хоць прызнаўся, што Міністэрства статыстыкі і аналізу валодае такой інфармацыяй. Вось толькі ведаць яе ўсім беларусам няма патрэбы.
– У Беларусі, як і ў іншых краінах, а таксама ў цэлым па нормах статыстычнага аддзела ААН, – заявіў Уладзімір Зіноўскі, – персанальныя дадзеныя, тычацца яны прадпрыемства, арганізацыі або грамадзяніна, не выдаюцца. Калі грамадзянін не пярэчыць, ён можа назваць сваю зарплату. Але дзяржаўная статыстыка любой краіны, будзь то заходняя альбо ўсходняя, працуе толькі на зводныя дадзеныя. Калі любы грамадзянін не будзе ўпэўнены, што яго дадзеныя аб зарплаце будуць камусьці перададзеныя, ён проста адмовіцца адказваць падчас перапісу, напрыклад.
Вядома, мы ведаем, хто больш атрымлівае, хто менш. Ёсць міністэрствы першай катэгорыі (больш значныя) і міністэрствы другой катэгорыі. І калі, напрыклад, Міністэрства прамысловасці, у прынцыпе, фармуе ВУП краіны, то, вядома, міністр прамысловасці будзе атрымоўваць больш за міністра статыстыкі. Але хачу адзначыць, што зарплаты міністраў практычна аднолькавыя. І зарабляюць міністры па працы. Магчыма, і не такую вялікую зарплату, як хацелася б.
Уладзімір Зіноўскі прызнаўся, што асабіста ён атрымлівае 2,5 мільёна. Гэта "бруднымі", а "чыстымі" на рукі выходзіць і таго менш. Па словах службоўца, зарплата міністра – гэта не толькі службовы аклад, існуе мноства розных надбавак: за выслугу гадоў, класнасць, досвед працы і інш.
Грамадства павінна ведаць зарплату нанятага ім на працу службоўца
На думку юрыста-праваабаронцы Алены Танкачовай, у дэмакратычных краінах прадстаўнікі ўлады адкрытыя і падсправаздачныя перад народам, там ніхто не робіць таямніцы з зарплаты службоўцаў.
– Дзяржаўныя службоўцы, тым больш дзяржслужачыя высокага рангу, да якіх, безумоўна, належаць міністры, – гэта публічныя персоны, – гаворыць Алена Танкачова. — Зыходзячы з падыходу, закладзенага ў тым ліку і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, дзяржаўная ўлада закліканая забяспечваць выкананне шэрагу публічных функцый, у прыватнасці, па кіраванні дзяржавай. Ва ўсім свеце публічныя людзі, і найперш прадстаўнікі дзяржаўнай улады, – адкрытыя і падсправаздачныя. Гэта значыць, што пытанне аб заработнай плаце высокапастаўленых службоўцаў не можа з'яўляцца прадметам закрытай інфармацыі для грамадзян, бо грамадзяне, усвядомлена выплачваючы падаткі, утрымліваюць дзяржаўную ўладу.
Пытанне аб заработнай плаце міністраў — гэта нармальнае пытанне, і яно павінна быць адкрытым. Ва ўсіх дэмакратычных краінах менавіта так і адбываецца, гэта адзін з прынцыпаў дэмакратычнага ўладкавання дзяржавы. Апублікаваць зарплату высокага службоўца – не ёсць сорам, і ў гэтым не павінна быць ніякай сакрэтнасці. Высокапрафесійны службовец, а на міністэрскай пасадзе павінны знаходзіцца менавіта высокакваліфікаваныя спецыялісты, павінны атрымліваць высокую зарплату.
– Чым, на ваш погляд, можна растлумачыць такую сакрэтнасць у нашай краіне?
– Неразуменнем фундаментальных асноў дэмакратычнага ўладкавання грамадства. Грамадства павінна ведаць, колькі атрымлівае наняты ім на працу службовец.




