Беларускі МЗС спрабуе размаўляць з Амерыкай праз ультыматумы
20- 20.03.2008, 12:19
Будучыня беларуска-амерыканскага дыялогу залежыць ад поўнай адмены эканамічных санкцый у дачыненні Беларусі. Пра гэта заявіў сёння прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу ў Менску.
«Не мы крыніца наяўнай сітуацыі і ўзніклай напружанасці ў двухбаковых стасунках. Натуральна, будучыня беларуска-амерыканскага дыялогу залежыць ад поўнай адмены санкцый у дачыненні беларускіх суб'ектаў гаспадарання», – падкрэсліў ён.
Нагадаем, што 7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ў 50% і больш. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.
12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.
Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.
Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве гаварылася, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".