Лукашэнка: «Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як у Аўстрыі, адзін да аднаго»
78
13:43, — Палітыка
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыя ў Беларусі з дэмакратычнымі свабодамі і каштоўнасцямі насамрэч такая самая , як у Аўстрыі.
"Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як у Аўстрыі, адзін да аднаго, дэмакратычныя каштоўнасці знаходзяцца ў нас на такім жа ўзроўні", – адзначыў А.Лукашэнка ў Менску ў інтэрв'ю Аўстрыйскаму агенцтву прэсы (АПА).
"Так чаго ж яшчэ бракуе ў дэмакратычным партрэце Беларусі, і што яшчэ трэба Еўропе ад Беларусі?", – зазначыў ён.
Шантаж Захаду
Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым развіццё больш цесных стасункаў з Расеяй у выпадку ўзмацнення ціску на краіну з боку Захаду.
"Думаю, неўзабаве пры такім масіраваным ціску Захаду на Беларусь, нашы стасункі з Расеяй будуць яшчэ цяснейшымі", – заявіў А.Лукашэнка.
"Што тычыцца стасункаў з Еўрапейскім Звязам, то шчыра і мякка кажучы, хацелася, каб яны былі лепшымі", – адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, Беларусі "абсалютна непрымальна, калі сёння Еўразвяз пачынае скакаць пад дудку ЗША". "Нам не падабаецца, калі яны пазіцыянуюць сябе як самастойныя, незалежныя палітыкі, а калі справа даходзіць да сур'ёзных пытанняў, то адразу прыбудоўваюцца ў кільватар амерыканскай палітыкі", – заявіў А.Лукашэнка.
Гаворачы пра палітыку, якая праводзіцца ЗША і Еўрапейскім Звязам у дачыненні Расеі, беларускі кіраўнік заявіў, што "Расейская Федэрацыя выкарыстоўвае свае рычагі, каб пазіцыянаваць сябе як вялікая ядзерная дзяржава". "Расея як мінімум хоча, каб з ёй размаўлялі на адпаведнай мове, і выкарыстоўвае для гэтага наяўныя рычагі (у тым ліку энергетычныя – ІФ)”, – адзначыў ён.
Напісаць каментар (78)




