9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пратэстуюць супраць будаўніцтва расейскага завода ядахімікатаў

9

Заўтра, 22 сакавіка, у 11:00 у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна (у парку каля Атракцыёнаў) адбудзецца сход-пікет мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва завода ядахімікатаў.

Праект ініцыюе расейскае ЗАТ "Август" і абяцае інвеставаць 35 мільярдаў беларускіх рублёў у стварэнне завода па выпуску хімічных сродкаў абароны раслін. Будаўніцтва павінна пачацца неўзабаве, бо праект ухвалены беларускім урадам, паведамляе “Народная воля”.

Аднак мясцовыя жыхары выступаюць супраць з'яўлення гэтага экалагічна небяспечнага прадпрыемства. Справа ў тым, што ў «Дружным» жыве шмат перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, якія ўжо выпрабавалі на сабе ўсе “перавагі” небяспечных вытворчасцяў недалёка ад дому. Акрамя таго, мясцовыя актывісты спасылаюцца на адмоўнае заключэнне акадэміі навук па праекце фірмы «Август». У прыватнасці, у Дружным распаўсюджваецца ксеракопія заключэння навукоўцаў, у якім гаворыцца:

«ЗАТ фірма «Август» спазнілася з сваёй прапановай на 5-7 гадоў, бо распрацоўкі ГП «Пестыцыды» практычна зачыняюць увесь спектр хімічных сродкаў абароны раслін, планаваных ёю да вытворчасці на меркаваным заводзе. Меркаваная тэхналогія вытворчасці пестыцыдаў на ЗАТ «Август» нічым не адрозніваецца ад тэхналогіі іх вытворчасці на айчынных прадпрыемствах. Асартымент пестыцыдаў той самы, што і на ІП «Франдеса» (Бяроза). Дэклараваныя інвестыцыі ЗАТ «Август» – звыш як 15 млн. даляраў ЗША – у чатыры разы ніжэй, чым у ІП «Франдеса». ІП «Франдеса» плануе інвеставаць больш за 60 млн. даляраў ЗША як у завод, так і ў айчынныя распрацоўкі тэхналагічных працэсаў стварэння пестыцыдаў.

Акрамя таго, ужо цяпер ЗАТ «Август» вырабляе частку сваіх прэпаратаў на сваім заводзе ў Кітаі з расейскай маркіроўкай. Ці трэба рэспубліцы, каб кітайскія прэпараты сумнеўнай якасці ішлі праз Беларусь у іншыя краіны з этыкеткай «зроблена ў Беларусі»? Упэўненыя, што не. ЗАТ «Август»плануе будаўніцтва свайго завода на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для захавання рынку і дыктату ў наступным сваіх умоў. Для чаго развіваць расейскую і кітайскую прамысловасць і навуку калі ёсць свая!?

Навукоўцы і спецыялісты НАН Беларусі яшчэ раз пацвярджаюць прынятае раней рашэнне аб немэтазгоднасці будаўніцтва завода па вытворчасці хімічных сродкаў абароны раслін ЗАТ фірмы «Август», бо кампанія шукае льготы для сябе, не клапоцячыся пра нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Гэта можа прывесці да таго, што на нашым рынку не будзе месца айчынным вытворцам пестыцыдаў і Дзяржаўная праграма «Хімічныя сродкі абароны раслін» не будзе рэалізаваная ў поўным аб'ёме…

З улікам усяго вышэйсказанага, лічым немэтазгодным падтрымку прапановы ЗАТ фірмы «Август» па будаўніцтве прыватнага прадпрыемства па вытворчасці хімічных сродкаў абароны раслін у Менскай вобласці, бо ўшчамляе нацыянальныя інтарэсы».

Тым не менш расейскім бізнэсмэнам нейкім чынам атрымалася прабіць свой праект.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках