9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт газу: У Менска і Масквы наперадзе вялікія спрэчкі

Ці ўдалося беларускаму боку дамовіцца аб зьмене формулы ўтварэньня цаны на газ? Якія прэтэнзіі вылучае расейскі бок да дзейнасьці «Белтрансгазу»? У эфіры “Радыё Свабоды” на гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

- Напярэдадні пасяджэньня Саюзнага Саўміну віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што Беларусь будзе ставіць пытаньне аб пераглядзе формулы утварэньня цаны на расейкі газ. Але расейскі прэм’ер Віктар Зубкоў падчас знаходжаньня ў Менску адзначыў, што Беларусь і Расея павінны вырашаць усе пытаньні, што ўзьнікаюць у газавай сфэры, у адпаведнасьці з заключанымі кантрактамі. Ці азначае гэта, што расейскі бок лічыць, што перагляду формулы не павінна быць?

- Вялікага гандлю пакуль што не было. Спадар Зубкоў, напэўна, апошні раз прыехаў у Беларусь у статусе прэм’ер-міністра, таму стратэгічнае пытаньне карэктыроўкі формулы кошту, я так разумею, было адкладзена ўжо для гандлю з новым прэм’ерам. Створана нават сумесная беларуска-расейская камісія навукоўцаў і чыноўнікаў, якія будуць рыхтаваць нейкія аргумэнты, каб не падвышаць істотна кошты на газ для Беларусі. Сярод аргумэнтаў будзе і тое, што большая частка беларускай прадукцыі прадаецца ў Расею, і ў выпадку падаражаньня будуць закранутыя і інтарэсы расейскіх пакупнікоў”.

- Але калі формула ня будзе зьмененая, то газ для Беларусі з новага году можа каштаваць 200 даляраў...

- Можа быць і больш. Цана прыроднага газу для Эўропы вырасла вельмі істотна, нават у пэўным сэнсе нечакана для Расеі. Да канца году яна ў сярэднім будзе 400 даляраў. Рэч у тым, што вельмі хутка расьце сусьветны кошт на нафту, а цана газу непасрэдна зьвязаная з цаной на нафту.

- 21 сакавіка таксама прагучала незадаволенасьць расейскага боку тым, што «Белтрансгаз» выплачвае розныя «непадаткавыя» плацяжы ў беларускія дзяржаўныя фонды. Намесьнік кіраўніка міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Андрэй Белавусаў назваў гэтую практыку ушчамленьнем інтарэсаў Газпраму, які таксама зьяўляецца акцыянэрам “Белалтрансгазу”. Наколькі сур’ёзная гэта праблема?

- Вельмі сур’ёзная. У Беларусі створаныя інавацыйныя фонды амаль пры ўсіх міністэрствах, што дае магчымасьць падтрымліваць тыя ці іншыя прадпрыемствы. І слушна кажа расейскі бок, які мае ўжо 25 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу”, што гэтая практыка зьмяншае прыбытак акцыянэраў. Гэта супярэчыць беларуска-расейскім гандлёвым пагадненьням. Але беларускі бок кажа, што гэта не пярэчыць беларускаму заканадаўству. Тут наперадзе вялікія спрэчкі, і Масква будзе настойліва адстойваць свае інтарэсы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках