9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пагоня» адзначыла 90-годдзе БНР выставай (Фота)

1

Выстава жывапісу і графікі супольнасці «Пагоня», прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, адкрылася 22 сакавіка ў менскім офісе Партыі БНФ.

Сярод 30 прац – палатно народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка «А хто там ідзе?» (на ім намаляваныя выявы класікаў айчыннай літаратуры, у тым ліку Янкі Купалы, Якуба Коласа і Васіля Быкава), а таксама акварэль Міколы Купавы з гетманам Вялікага княства Літоўскага Кастуся Астрожскага перад пачаткам Аршанскай бітвы 8 верасня 1514 года, перадае БелаПАН.

Нацыянальнаму герою Беларусі, кіраўніку паўстання супраць расейскага царызму 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму прысвяцілі свае творы жывапісцы Алесь Цыркуноў, Віктар Маркавец, Вячаслаў Паўлавец і графік Уладзімір Крукоўскі.

Цыркуноў прадставіў таксама партрэт княгіні Магдалены Радзівіл, якая падтрымлівала беларускае нацыянальнае Адраджэнне на пачатку XX стагоддзя, а Аляксей Марачкін – партрэт класіка нацыянальнай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і карціну «Маладая Беларусь», на якой адлюстраваная ўнучка мастака.

Перад адкрыццём выставы арганізатары абышлі месцы, звязаныя з гісторыяй абвяшчэння БНР, – будынкі, дзе 90 гадоў таму назад нелегальна выдаваліся газеты і ўлёткі Беларускай сацыялістычнай Грамады, а таксама збіраліся прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта і Вацлава Ластоўскага.

Куратар выставы Купава прадставіў мастацкія паштоўкі, выпушчаныя «Пагоняй» да 90-годдзя БНР, і паведаміў, што другая частка выставы будзе адчыненая 24 сакавіка ў 18.00 у сталічным офісе «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Вечар завяршыўся выступам Андрэя Плясанава, які выканаў песні, прысвечаныя беларускаму Адраджэнню. На выставе прадстаўленая яго карціна «Калі не мы, то хто, калі не цяпер, то калі?» – пра падзеі канца 1980-х гадоў напярэдадні распаду Савецкага Саюза.

Фото БелаПАН

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках