14 траўня 2024, aўторак, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбары» прэзідэнта Мядзведзева

21
«Выбары» прэзідэнта Мядзведзева

У Расеі завяршылася кампанія па выбарах прэзідэнта, упэўненым пераможцам якой названы першы віцэ-прэм'ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

Паводле дадзеных ЦВК Расеі на 10.00 Дзмітрый Мядзведзеў атрымлівае перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі з 70,23% галасоў выбаршчыкаў. Такія дадзеныя Цэнтрвыбаркама РФ па выніках апрацоўкі 99,45% пратаколаў выбарчых камісій, якія абвясціў старшыня ЦВК РФ Уладзімір Чураў. На другім месцы – лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў – 17,76%. Трэці – лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі – 9,37%. Апошняе месца ў лідэра Дэмакратычнай партыі Расеі Андрэя Багданава – 1,29%. Яўка на прэзідэнцкіх выбарах па Расеі склала 69,65%.

Жырыноўскі і Зюганаў ужо заявілі, што падчас выбараў былі дапушчаныя шматлікія парушэнні, і маюць намер аспрэчыць вынікі галасавання. «Такой колькасці хамства, укідання бюлетэняў яшчэ не было. Гэта новая эра», – сказаў журналістам сакратар цэнтральнага камітэта КПРФ Валеры Рашкін. Паводле слоў начальніка юрыдычнай службы КПРФ Вадзіма Салаўёва, у Цэнтрвыбаркам ужо пададзеныя прыкладна 140 скарг. Па словах Жырыноўскага на выбарах здзяйсняўся подкуп выбаршчыкаў, не складаліся пратаколы, укідаліся бюлетэні і выбаршчыкаў прымушалі галасаваць за аднаго з кандыдатаў. Лідэр ЛДПР абяцаў аспрэчыць вынікі ў судзе.

Тым не менш ужо ўчора ўвечары ў Маскве, не дачакаўшыся канчатка падліку галасоў, Мядзведзеў разам з Уладзімірам Пуціным адсвяткавалі перамогу на Васільеўскім спуску пад песні групы «Любэ». Канцэрт «Я выбіраю Расею», прысвечаны прэзідэнцкім выбарам, сабраў каля 35 тысяч чалавек, у асноўным моладзі з разнастайных пракрамлёўскіх рухаў. Перад натоўпам выступалі «Машина времени», «Би-2» і іншыя групы.

Інаўгурацыя трэцяга прэзідэнта Расеі пройдзе 7 траўня. Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Сабянін заяўляе, што адстаўка цяперашняга ўрада да інаўгурацыі 7 траўня новага прэзідэнта Расеі наўрад ці магчымая. У сваю чаргу спікер парламента Барыс Грызлоў, адказваючы на пытанне наконт будучай структуры ўлады ў Расеі, заявіў, што "двух цэнтраў улады ў краіне не будзе". Наконт будучага прэзідэнцтва Дзмітрыя Мядзведзева і прэм'ерства Уладзіміра Пуціна, Грызлоў падкрэсліў: "Як і казаў Пуцін, будзе працаваць адзіны механізм".

Андрэй Іларыёнаў: Выбары нелегітымныя

Выбары прэзідэнта Расеі і іх вынікі загадзя нелегітымныя. Пра гэта ў эфіры "Эхо Москвы" заявіў былы дарадца прэзідэнта Расеі па эканамічных пытаннях, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута Катона Андрэй Іларыёнаў.

Паводле яго слоў, гэта звязанае з тым, што не выкананыя патрабаванні, прынцыпы і крытэры, характэрныя для дэмакратычнага грамадства, не выкананыя ўмовы дэмакратычных выбараў, у прыватнасці, наяўнасць выбару і свабоднай прэсы".

Як заявіў Іларыёнаў, "калі б у выбарах удзельнічалі Букоўскі, Рыжкоў, Каспараў, Сечын, Іваноў, то пераможца такіх выбараў меў бы права называцца легітымным". На думку Іларыёнава, Расея стаіць "на парозе найбуйнейшага крызісу ўлады і ўсёй палітычнай сістэмы краіны.

Раней Іларыёнаў заяўляў, што пасля адстаўкі Пуціна ў Расеі па-ранейшаму будзе пераважаць пуцінізм, то бок, "устойлівы ўзровень нацыяналізму і агрэсіі, накіраванай на людзей унутры краіны і па-за яе межамі". "Мы кажам пра філасофію і палітыку агрэсіі па дачыненні да расейскіх людзей, суседзяў Расеі, іншых краін у свеце", – сказаў Іларыёнаў. Паводле яго слоў, "гэта не звязанае з адным пэўным чалавекам, гэта палітыка групы людзей, арганізацыі, якая існавала ў краіне амаль стагоддзе".

Гаворачы пра магчымасць змянення палітычнай сістэмы Расеі пасля прыходу да ўлады Дзмітрыя мядзведзева, Іларыёнаў выказаў сумненне ў тым, што "чалавек, які стаў прэзідэнтам, можа памяняць усю сістэму". "Важны не пэўны чалавек, важная карпарацыя – у ёй больш як паўмільёна чалавек або яшчэ больш. Усё роўна, хто зойме пасаду прэзідэнта. Важна, што ў карпарацыі засяроджаная ўся ўлада", – дадаў ён.

Апазіцыя выходзіць на маршы

Кааліцыя "Другая Россия" плануе правесці сёння "маршы нязгодных" у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Абодва мерапрыемства павінны пачацца ў 16 гадзін па менскім часе. Але калі ў Пецярбургу маршрут узгоднены, то маскоўскія ўлады праводзіць мерапрыемства не дазволілі. Тым не менш арганізатары акцыі плануюць правесці "марш" у Маскве. Лідэры "Другой России" Гары Каспараў і Эдуард Лімонаў будуць удзельнічаць у "маршы нязгодных" у Пецярбургу.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках