9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі ў пагонах адсвяткавалі Дзень міліцыі збіваннем моладзі

18

Дваіх моладзевых актывістаў, затрыманых учора ў тралейбусе за налепкі з заклікам адсвяткаваць юбілейны Дзень Волі 25 сакавіка, вызвалілі з Цэнтральнага РУУС без пратаколаў і тлумачальных. Трэцяга збілі і пакінулі да суду пад вартай. Суд над Максімам Сергяйцом адбудзецца сёння а 10 гадзіне ў Цэнтральным райсудзе Менска.

Адзін з затрыманых актывістаў Аляксей Шлома падкрэсліў, што ў паводзінах міліцыянтаў існаваў цэлы букет адміністрацыйна і крымінальна каральных дзей: «Збіванне Максіма, пагрозы ўсім нам, абразы, матарызна проста стаяла сцяной». У дадатак у актывістаў без усякіх вопісаў і пратаколаў канфіскавалі друкаваныя матэрыялы (раздрукоўкі артыкулаў з Інтэрнэту і заклікі з подпісамі грамадзян Беларусі за ўступленне нашай краіны ў Еўразвяз), паведамляе сайт АГП.

Як ужо паведамлялася, нейкі пасажыр тралейбуса №12 кінуўся да міліцыянта з паведамленнем, што маладыя людзі ўтрох наляпілі адну налепку. Як паведаміў Віталь Стажараў, па абрыўках гутаракі стала зразумела, што гэты 25–30-гадовы пасажыр – афіцэр унутраных войскаў. Клічуць яго Аляксей Паўлоўскі.

У тралейбусе жанчыны сталі сароміць заўзятых служак: «Ды адпусціце вы хлопцаў! Што яны такога зрабілі?» Аднак міліцыянт выклікаў на наступны прыпынак нарад міліцыі, і хлопцаў затрымалі, – нягледзячы на тое, што ніякіх налепак у іх не было.

У склад нараду ўваходзілі міліцыянты Андрэй Андрусевіч, Уладзімір Губар і Віталь Пракапенка.

Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі каля трох гадзін. Допыт суправаджаўся вышэйапісанымі здзекаваннямі, якія наўпрост падпадаюць пад дзеянне Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў. Збілі пры гэтым аднаго Максіма. Як сведчыць Аляксей Шлома, Сергяец прад'яўляў міліцыянтам законныя патрабаванні: скласці пратакол і прадставіцца.

Дарэчы, па словах затрыманых, міліцыянты былі прыгожа апранутыя: у асноўным не ў форме, але ў касцюмах і белых кашулях. Шмат хто быў на працоўным месцы ў нецвярозым стане (зрэшты, не тыя, што дапытвалі – гэтыя збівалі Максіма ў разумным розуме і цвёрдай памяці).

Аляксей і Віталь распавялі, што Максіма білі па галаве і наносілі моцныя ўдары ў грудзі. Шлома, які даўно ведае Сергяйца, сказаў, што той – сардэчнік, дрэнна сябе адчуў (што нядзіўна ў такіх умовах) і патрабаваў выклікаць «хуткую дапамогу», у адказ на што атрымаў яшчэ некалькі ўдараў.

Пратакол у выніку склалі на аднаго Максіма Сергяйца. Астатніх вызвалілі, – прыстрашыўшы, аднак, каб яны не замануліся з'яўляцца на наш адчкрытысуд: інакш, маўляў, іх там жа і «павяжуць». Віталю Стажараву, старшыне сталічнай арганізацыі «Маладых дэмакратаў», было заяўленае асобна: каб ніхто з тваіх не прыходзіў, а то мы табе ўзгадаем! Віталь развёў рукамі – пракантраляваць гэта ён не здолеў бы, нават калі б захацеў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках