З кастрычніка ў беларусаў будуць адбіраць дачныя ўчасткі
22- 7.03.2008, 11:26
Беларусы павінны атрымаць на свае фазэнды дакументы, і як мага хутчэй. Гэта прапісана ў 50-м указе Лукашэнкі.
– Усе грамадзяне, якія маюць участкі ў садоўніцкіх гаспадарках і не атрымалі дакументы, якія сведчаць пра права на валоданне, павінны іх атрымаць да кастрычніка. Гэта прапісанае ў 50-м указе Лукашэнкі, які ўступае ў сілу 1 жніўня, – растлумачыў "КП в Беларуси" намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй ГАЕЎ.
Дачны ўчастак трэба альбо прыватызаваць, альбо арандаваць, альбо аформіць пажыццёва спадчыннае валоданне. Інакш зямлю ў гаспадара маюць права канфіскаваць. Рэгістратары просяць не зацягваць з працэдурай.
– Афармляць участкі трэба як мага хутчэй. Таму што як заўсёды цягнуць да апошняга, а потым будзе аўрал, – удакладніў Андрэй Анатолевіч. – Лепш за ўсё, каб старшыні садовых таварыстваў арганізавалі працу ўнутры таварыстваў. Будзе хутчэй і эфектыўней, калі прыедзе адразу брыгада і абмерае ўсе ўчасткі ў гэтым таварыстве, чым будуць з Менска або Маладзечна ездзіць па адной заяве ў адно і тое ж таварыства па некалькі разоў на месяц.
Сума, якую давядзецца заплаціць за прыватызацыю, залежыць ад памеру ўчастку і ад таго, дзе ён знаходзіцца. Напрыклад, прыватызацыя фазэнды пад Заслаўлем памерам у чатыры соткі абышлася гаспадарам амаль у мільён рублёў. А за дачны ўчастак пад Калодзішчамі гаспадарам участку ў 11,6 сотак давялося заплаціць за прыватызацыю 5,6 мільёна. Афармленне лецішча ў пажыццёвае спадчыннае карыстанне абыдзецца не так дорага.