Афіцыйны Менск просіць «замарозіць» цэны на газ
6
15:39, — Эканоміка
Сёння дэлегацыя ўрада Беларусі на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам сустракаецца з кіраўніцтвам «Газпрома». Вынікі сустрэчы пакуль не вядомыя. Парадак дня прадстаўнікі «Газпрома» не каментуюць.
Крыніца ў канцэрне гаворыць, што асноўныя – два пытанні. Беларусь зноў хоча дамагчыся замарожвання цэн на газ. «Газпром» зацікаўлены ў тым, каб з «Белтрансгаза» знялі абавязак выплачваць спецыяльныя зборы ў інавацыйны фонд Мінэнерга, піша расейская газета «Ведомости».
Тыя ж дадзеныя перадае «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніка профільнага ведамства Беларусі. Паводле дадзеных агенцтва, рэспубліка хоча захаваць цану газу $119,6 за 1000 кубаметраў, якая дзейнічала ў I квартале, да канца года. На II квартал Мінэканамразвіцця Расеі прагназавала рост цаны да $128 за 1000 куб м. У 2007 г. Беларусь купляла газ па $100 за 1000 куб м., у 2,4 разы даражэй, чым у 2006 г. План па закупе імпартнага газу на гэты год – 21,6 млрд куб. м.
«Газпром», паводле дадзеных «Інтэрфакса», настойвае на тым, што парушаныя яго інтарэсы як інвестара ў частцы падаткаабкладання «Белтрансгаза». Увесну 2007 г. Масква і Менск дамовіліся, што за два гады роўнымі плацяжамі «Газпром» выкупіць 50% акцый «Белтрансгаза» коштам $2,5 млрд. У чэрвені і студзені канцэрн ужо выкупіў 25%, заплаціўшы $1,25 млрд (па 12,5% кожныя паўгода). Спецпадатак для «Белтрансгаза» быў уведзены пасля пагаднення з «Газпромам», і кампанія настойвае на яго адмене. Па законе аб дзяржбюджэце Беларусі на 2008 г. «Белтрансгаз» павінен пералічыць ў спецфонд Мінэнерга 19% сабекошту прадукцыі (блізу $70 млн).
Пра формулу цаны на газ Беларусь і «Газпром» дамовіліся ў канцы 2006 г. Паводле дамовы, да 2011 г. краіна павінна перайсці ў кантрактах з «Газпромам» на еўрапейскую формулу цаны – з прывязкай да сусветных катыровак нафтапрадуктаў. Да гэтага моманту для Беларусі дзейнічае пераходны перыяд. На 2008 г. гэта ў сярэднім 68% еўрапейскай цаны (індэксуецца раз у квартал з улікам дынамікі цэн у еўрапейскіх кантрактах за папярэднія 9 месяцаў і «ачышчаецца» ад 30%-ай мытнай пошліны). На 2009 г. – 80%, 2010 г. – 90%.




