Беларусь і Расея не дамовіліся: формула цаны на газ застаецца ранейшай
5
15:47, — Эканоміка
Цана на газ для Беларусі фармуецца паводле кантрактнай формулы цаны, прывязанай да кошту нафтапрадуктаў у Еўропе.
Пра гэта было заяўленае пасля сустрэчы старшыні ўпраўлення "Газпрома" Аляксея Мілера і першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі ў Маскве.
З 2011 года Беларусь, як і прамысловыя спажыўцы Расеі, выйдзе на ўзровень цаны на газ, роўнапрыбытковай з пастаўкамі ў Еўропу. У 2008-2010 гады да еўрапейскай цаны ўжываюцца паніжаючыя каэфіцыенты 0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна.
У 2007 годзе газ пастаўляўся па $100 за тысячу кубаметраў, у I квартале 2008 года – па $119,6, у II - па $128.
Як паведамляе «Інтэрфакс», падчас перамоваў адмысловая ўвага была нададзеная пытанню аб адлічэннях ААТ "Белтрансгаз" ("Газпром" (РТС: GAZP) цяпер валодае 25%) у інавацыйны фонд Беларусі. "Газпром" звярнуў увагу беларускіх партнёраў на тое, што такія адлічэнні супярэчаць умовам набыцця 50% акцый "Белтрансгаза", – гаворыцца ў заяве расейскай кампаніі.
Павелічэнне памеру адлічэнняў "Белтрансгаза" збораў у інавацыйны фонд рэспублікі да 19% ад сабекошту паслуг, якія прадстаўляюцца кампаніяй, супярэчыць дзеючым дакументам, адзначае "Газпром". Згодна з пратаколам па пытаннях стварэння сумеснай беларуска-расейскай газатранспартнай арганізацыі ад 31 снежня 2006 года, а таксама – згодна з дамовай куплі-продажу акцый "Белтрансгаза", падпісанай "Газпромам" і Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Беларусі 18 траўня 2007 года, беларускі бок не павінен павялічваць фінансавыя абавязальніцтвы ААТ "Белтрансгаз". Акрамя таго, згодна з пагадненнем паміж урадам РФ і ўрадам Беларусі аб мерах па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, падпісанага ў сакавіку 2007 года, беларускі бок з 1 ліпеня 2007 года не павінен ужываць у дачыненні гаспадарчых суб'ектаў з удзелам расейскага капіталу плацяжоў, якія носяць характар падаткаў або збораў, не прадугледжаных падатковым заканадаўствам Беларусі, нагадвае "Газпром".
Падчас сустрэчы таксама прынятае стварыць сумесную працоўную групу па праекце будаўніцтва электрастанцыі ў Беларусі. Беларусь прапанавала "Газпрому" ўзяць удзел у будаўніцтве генеруючых экспартаарыентаваных магутнасцяў на тэрыторыі Бярозаўскай ГРЭС у Берасцейскай вобласці. Гаворка ідзе пра будаўніцтва новага энергаблока на 450-600 Мвт. Прыблізны кошт праекту ацэньваецца ў $330 млн.
Як мы ўжо паведамлялі, сёння дэлегацыя ўрада Беларусі на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам сустракалася з кіраўніцтвам «Газпрома». Парадак дня прадстаўнікі «Газпрома» не каментавалі.
Крыніца газеты «Ведомости» ў канцэрне паведаміла, што на сустрэчы абмяркоўваліся два асноўныя пытанні. Беларусь зноў хоча дамагчыся замарожвання цэн на газ. «Газпром» зацікаўлены ў тым, каб з «Белтрансгаза» знялі абавязак выплачваць спецыяльныя зборы ў інавацыйны фонд Мінэнерга.




