Turkcell рыхтуе акцыянераў да пакупкі дзяржаўнага аператара БеСТ
12:16, — Сувязь
Найбуйнейшы аператар мабільнай сувязі ў Турцыі Turkcell у пятніцу абвясціў пра намер набыць беларускую дзяржаўную кампанію БеСТ, паведамляе АФН са спасылкай на Reuters.
“Наша кампанія вырашыла пачаць падрыхтоўку да таго, каб прапанаваць акцыянерам пакупку большай часткі акцыяў Беларускай тэлекамунікацыйнай сеткі (БеСТ)”, - гаворыцца ў заяве Turkcell.
Пра магчымасць продажу “БеСТу” за 500 млн. даляраў вясной 2007 году казаў сам Лукашэнка. Пасля ў 2007 годзе турэцкая кампанія ў лісце на імя Лукашэнкі заявіла пра свой намер інвеставаць да 800 млн. даляраў у развіццё мабільнай сувязі Беларусі.
На сёння трэці аператар мабільнай сувязі Беларусі мае сур’ёзныя праблемы з-за нястачы сродкаў. У студзені 2008 году паведамлялася пра праблемы з выплатай заробку і адключэннем некаторых станцый “БеСТу” за нявыплату арэнды.
4 сакавіка 2008 году Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком турэцкай кампаніі заявіў: “Мне, Беларусі, вашы прапановы падаліся цікавымі. Вы выклікаеце наш выключны інтарэс, паколькі з’яўляецеся адной з буйнейшых сусветных кампаній у сектары тэлекамунікацый”.
Крыху больш за месяц пасля кіраўніцтва Turkcell пачало рыхтаваць акцыянераў да пакупкі беларускай тэлекамунікацыйнай кампаніі.
Турэцкі аператар ужо прысутнічае на рынках мабільнай сувязі Казахстана, Азербайджана, Малдовы і Грузіі і шматкроць заяўляў, што мае намер пашырыць сваю прысутнасць у рэгіёнах вакол Турцыі.




