У Беларусі разгортваецца барацьба з імпартам
40
16:32, — Эканоміка
Усе імпартныя закупкі ў Беларусі павінны быць абгрунтаваны. Пра гэта заявіў у Менску старшыня КДК Беларусі Зянон Ломаць.
На паседжанні калегіі Камітэта дзяржкантролю па Менскай вобласці, на якім абмяркоўвалася сітуацыя з імпартнымі закупкамі ў сталічным рэгіёне, а таксама захады дзяржаўных органаў па аптымізацыі імпарту і стварэнні імпартазамяшчальных вытворчасцяў, Зянон Ломаць адзначыў:
“У асобных службоўцаў асабісты інтарэс дамінуе над дзяржаўным, таму так шмат парушэнняў у выкананні праграмы замяшчэння імпарту. Па шырокім жа спектры выпусканай у Беларусі прадукцыі няма неабходнасці ўвозіць замежныя аналагі. Гэта датычыць паліэтэленавых трубаў, кабельнай прадукцыі, камплектуючых для машынабудаўніцтва, лічыльнікаў для ўліку спажывання энэргарэсурсаў і вады ды іншага”.
“На бяздзеянні і фармалізме пры выкананні праграмы замяшчэння імпарту мы страчваем мільёны даляраў”, падкрэсліў Зянон Ломаць, дадаўшы, што канкрэтныя людзі мусяць за гэта адказваць.
Гаворачы ў прыватнасці пра Менскую вобласць, старшыня КДК паведаміў, што камітэт высветліць прычыну, па якой зняты з рэалізацыі два імпартазамяшчальныя праекты. Вядзецца пра перапрацоўку драўніны з дубу і ясеню, а таксама пра вытворчасць парніковай плёнкі. На думку Зянона Ломаця, “праекты не рэалізуюцца, таму што закранаюцца інтарэсы асобных службоўцаў”.
Удзельнікі паседжання таксама адзначалі, што айчынная імпартазамяшчальная прадукцыя па нейкіх прычынах не запатрабавана на ўнутраным рынку. Напрыклад, у Беларусі робіцца абутак для Міністэрства абароны, аднак гэтую прадукцыю набылі расійскія сілавыя структуры, у той час як Мінабароны Беларусі дапусціла закупку абутку для ўласных патрэбаў у Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым айчынная прадукцыя удвая таннейшая за расійскую.
Старшыня КДК па Менскай вобласці Уладзіслаў Цыдзік пад час выступу на паседжанні калегіі адзначыў, што няма належнага кантролю па праграме замяшчэння імпарту. Таму Камітэт дзяржкантролю мае намер адпрацаваць сістэму выканання гэтай праграмы і скіраваць яе ў належнае рэчышча.
Напісаць каментар (40)





