У Беларусь едуць венесуэльскія «камандас»
13- 14.04.2008, 9:22
Беларускія спецназаўцы 11 красавіка здзейснілі паспяховае ўзыходжанне на найвышэйшы пункт Венесуэлы – пік Балівара.
Пра гэта карэспандэнту БелТа паведаміў па тэлефоне з Венесуэлы выканаўца абавязкаў намесніка старшыні Цэнтральнага савету Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства “Дынама” Андрэй Красоўскі.
На яго словы, узыходжанне было даволі складаным і напружаным. Давялося паэтапна прайсці джунглі Амазоніі з прыпынкамі, пасля чаго адбыўся штурм вышыні. На яе ўзняты Дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь, Венесуэлы і сімволікі Службы бяспекі Прэзідэнта, Прэзідэнцкага спартовага клубу, НАК, групы “Альфа” КДБ, САХРу і БФСА “Дынама”, а таксама спонсараў, якія зладзілі экспедыцыю.
Такое мерапрыемства адкрывае вялікія перспектывы для развіцця супрацы як паміж Беларуссю і Венесуэлай, так і паміж спецслужбамі дзяржаваў, у тым ліку ў супрацьдзеянні тэрарызму. У дадатак, плануецца, што ўжо ўлетку гэтага году венесуэльскія “камандас” сумесна з моладдзю Венесуэлы прыбудуць у Беларусь для абмеркавання ўсіх пытанняў супрацы. Андрэй Красоўскі асабліва адзначыў увагу, падтрымку і самае сяброўскае стаўленне з венесуэльскага боку. “Гэта датычыць і арганізацыі жытла, і харчавання, і суправаджэння ўсіх элементаў узыходжання на найвышэйшы пункт краіны. Гэта не проста сяброўскае, а самае сваяцкае стаўленне”, - сказаў ён.
Скарэнне вяршыні адбылося напярэдадні святкавання 85-годзя БФСА “Дынама” – найстарэйшага спартовага таварыства краіны.
Пік Сімона Балівара размешчаны ў цэнтральнай частцы хрыбта Кардыльера-дэ-Мерыда – С’ера-Невада, пакрытай адвечнымі снягамі і ледавікамі, за што і завецца Снежнай. Вышыня піка – 5007 м над узроўнем мора.