Намміністра МУС: «Калі б супраць Менцюка ўжылі зброю, наступствы былі б страшныя»
13
11:36, — Грамадства
Раман Мянцюк, які лічыцца віноўцам буйнога ДТЗ на трасе Менск-Мікашэвічы, абвешчаны ў вышук, паведаміў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі генерал-маёр міліцыі Віктар Філістовіч, адказваючы на пытанне "Інтэрфаксу".
"Р.Мянцюк абвешчаны ў вышук. Яму высунута абвінавачванне, ён з разраду падазраваных перайшоў у разрад абвінавачваных", - сказаў В.Філістовіч. Па ягоных словах, "згодна з высновай судова-медыцынскай экспертызы, пасажырка, якая знаходзілася побач з ім, атрымала цяжкія фізічныя пашкоджанні (цяпер гэтая пасажырка аформіла шлюб з Р.Менцюком - ІФ)".
Намміністра распавёў, што "у дачыненні да Р.Ментюка была распачата крымінальная справа па арт. 317. "Парушэнне правілаў дарожнага руху альбо эксплуатацыі транспартных сродкаў" Крымінальнага кодэксу і па гэтым артыкуле высунута абвінавачванне".
В.Філістовіч адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі "зробяць усё магчымае, каб знайсці Р.Менцюка, і той паўстане перад судом".
Намміністра падкрэсліў, што "Р.Мянцюк сеў за руль, не маючы правоў кіроўцы і ў стане алкагольнага ап'янення, стварыў умовы для ДТЗ, у якім пацярпелі людзі". Ён паведаміў, што "Р.Мянцюк на адлегласці 100 км рухаўся з вельмі высокай хуткасцю і ігнараваў патрабаванні інспектараў ДАІ".
Пры гэтым В.Філістовіч дадаў, што не адмаўляе, што "супрацоўнікі ДАІ пры яго затрыманні дзейнічалі непрафесійна, але без злога намеру стварыць умовы, у якіх пацярпелі людзі". "Калі б супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю ці іншыя сродкі для спынення п'янага кіроўцы, наступствы былі б страшнейшыя", - лічыць ён.
Намміністра таксама падкрэсліў, што "здзіўлены тым, што грамадства асудзіла дзеянні супрацоўнікаў ДАІ, але не асудзіла Р.Менцюка, які сеў за руль п'яным і стварыў пагрозу для жыцця людзей".
Ён паведаміў, што "для Беларусі стала бядой, калі кіроўцы сядаюць за руль у стане алкагольнага ап'янення". "Мы будзем ужываць жорсткія санкцыі ў дачыненні п'яных кіроўцаў, бо гэта патэнцыйныя злачынцы. Кожны год у Беларусі па віне п'яных кіроўцаў гіне каля 200 чалавек", - дадаў В.Філістовіч.
Як паведамлялася, 2 сакавіка Вольга і Раман Мянцюк ехалі па трасе Менск - Мікашэвічы. Як сцвярджаюць супрацоўнікі ДАІ, Раман, які знаходзіўся за рулём, груба парушыў правілы дарожнага руху.
Хуткасць яго аўтамабіля складала 160 кіламетраў у гадзіну.
Каб злавіць парушальніка, супрацоўнікі ДАІ спынілі некалькі аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся выпадковыя грамадзяне, і загарадзілі імі трасу. Пры гэтым кіроўцы і пасажыры заставаліся ў машынах.
Як потым казалі супрацоўнікі ДАІ, яны спадзяваліся, што парушальнік спыніцца. Аднак Р.Мянцюк не спыніўся і пратараніў "жывы шчыт". Па версіі ДАІ, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Толькі з шчаслівай аказіі інцыдэнт абыйшоўся без ахвяраў.
Тым не менш, шэсць чалавек, разам з нявестай Р.Менцюка Вольгай, атрымалі розныя траўмы. Вольга і Раман, пабраныя праз некалькі дзён пасля ДТЗ, пасля сцвярджалі, што яны спяшаліся ў Менск па закупы да вяселля. Пры гэтым Раман не аспрэчваў, што "крыху выпіў" на радасцях перад гэткай знамянальнай для іх з Вольгай падзеяй.
Расследаванне было пачата і супраць 4 супрацоўнікаў аддзелу ДАІ Кастрычніцкага РУУС Менска, што бралі ўдзел у затрыманні парушальніка.
Напісаць каментар (13)




