Літоўскім журналістам не хочуць вяртаць пазапраўна канфіскаваную відэаплёнку
3
15:44, — Палітыка
«На сёння мы не атрымалі ніякага адказу ад беларускага боку на патрабаванне Літоўскага нацыянальнага тэлебачання (LTR) вярнуць канфіскаваную 25 сакавіка касету з знятым матэрыялам і кампенсаваць выдаткі на рамонт зламанай падчас затрымання відэакамеры», – паведаміла 2 красавіка карэспандэнтка тэлеканал Рута Рыбагаўскене.
«Міністэрства замежных спраў Літвы таксама не атрымала адказ на сваю ноту, уручаную пасля інцыдэнту амбасадару Беларусі ў Літве Уладзіміру Дражыну», – сказала прадстаўніца тэлеканала LTR прэс-службе БАЖ..
Здымачная група літоўскіх журналістаў была затрыманая 25 сакавіка падчас акцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня абвяшчэння БНР, пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. Іх пратрымалі ва УУС Цэнтральнага раёна Менска каля дзвюх гадзін і адпусцілі пасля высвятлення асоб. Пры гэтым у журналістаў была канфіскаваная відэакасета з запісам падзей, якія адбываюцца ў Менску. Падчас затрымання здымачнай групы была пашкоджаная відэакамера.
26 сакавіка ў МЗС Літвы быў выкліканы амбасадар Беларусі Уладзімір Дражын, якому была ўручаная нота ў сувязі з затрыманнем у Менску акрэдытаваных у Беларусі журналістаў літоўскага тэлебачання. У ноце выкладзеная просьба правесці дэталёвае расследаванне здарэння, даць тлумачэнні і вярнуць пазапраўна канфіскаваную відэаплёнку.





