Нават на тэставанні абітурыентаў зарабляюць
10:40, — Грамадства
За ўдзел абітурыентаў у цэнтралізаваным тэставанні (ЦТ) будзе брацца плата памерам у 10 тысяч рублёў за адзін навучальны прадмет, паведамілі ў прэс-службе ўраду.
Гэтае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савету міністраў № 565 "Аб узяцці платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у цэнтралізаваным тэставанні і занясенні дадаткаў і зменаў у некаторыя пастановы Савету міністраў Рэспублікі Беларусь" ад 16 красавіка 2008 году.
Вызвалены ад платы абітурыенты наступных катэгорый: дзеці-сіроты, дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды ў веку да 18 гадоў, асобы, хворыя на анкалогію ці сухоты, абітурыенты з сем'яў вайскоўцаў ці сем'яў працоўных і чыноўнікаў, загінулых (памерлых) ці стаўшых інвалідамі пры выкананні вайсковага ці службовага абавязку, а таксама абітурыенты з сем'яў, у якіх гадуецца трое і больш непаўнагадовых дзяцей. Таксама за рэгістрацыю не будуць плаціць інваліды I і II групы, апрача асобаў, інваліднасць якіх адбылася ў выніку іх супрацьпраўных дзеянняў, з прычыны алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап'янення, членашкодніцтва.
Плата за прыём і афармленне дакументаў здзяйсняецца ў ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" на бягучыя рахункі па небюджэтных сродках навучальных устаноў. Грашовыя сродкі, занесеныя абітурыентамі за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні, вяртанню не падлягаюць. Сродкі будуць выдаткоўвацца дакладна па мэтавым прызначэнні: на аплату працы асобаў, занятых арганізацыяй і здзяйсненнем ЦТ, канцылярскія, гаспадарчыя і выпраўныя выдаткі, камунальныя, транспартныя паслугі, паслугі сувязі, звязаныя са здзяйсненнем выпрабавання, на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, ужыванай пры тэставанні.
Пастанова ўваходзіць у моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.




