Карная аперацыя супраць незалежнай прэсы
1
9:22, — Палітыка
Слонімскі райвыканкам пагражае прыпыніць ці скасаваць ліцэнзію на ажыццяўленне раздробнага гандлю недзяржаўнай "Газеты Слонімскай".
Пра гэта паведамляецца ў лісце, атрыманым гэтымі днямі рэдакцыяй выдання. Яго падпісаў кіраўнік райвыканкаму Мячыслаў Касцюк, пераказвае прэс-служба БАЖ.
Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што былі зафіксаваны выпадкі, калі продаж "ГС" ладзіўся ў неналежных месцах. У якіх дакладна месцах былі прыкмечаны распаўсюднікі газеты, у лісце не ўдакладняецца, аднак улады папярэджваюць, што ў выпадку паўторнага парушэння пяройдуць да карных захадаў.
Як патлумачылі галоўнаму рэдактару выдання Віктару Валадашчуку ў прыватнай гутарцы, вядзецца пра выпадак, які адбыўся на ганку райвыканкаму. Распаўсюдніца "Газеты Слонімскай" ішла ва ўстанову па асабістых справах, у руках жанчына трымала некалькі газетаў і адгукнулася на просьбу мінака прадаць яму выданне.
Віктар Валадашчук лічыць такую прычыну надуманай. І не выключае, што гэткім чынам райвыканкам "рыхтуецца" да гутаркі наконт працягу ліцэнзіі на раздробны гандаль. Тэрмін цяперашняй ліцэнзіі сканчаецца 25 чэрвеня.
"Відавочна, што ўлады імкнуцца пазбавіцца ад недзяржаўнага выдання. Дарэчы, адзінага, зарэгістраванага ў Гарадзенскай вобласці. Магчыма, такое памкненне звязана з набліжэннем парламенцкіх выбараў", - кажа галоўны рэдактар.
Віктар Валадашчук нагадаў, што іх прымушаюць вызваліць памяшканне, якое рэдакцыя арандуе ўжо 7 гадоў. Арэндадаўца - РУП "Слонімскі быткамбінат" - адмаўляецца працягваць дамову арэнды і настойвае, што па 1 чэрвеня журналісты мусяць вызваліць памяшканне.




