Лукашэнка: «Кошты на прадукты ў Беларусі будуць аднолькавымі з краінамі ЕЗ і Расеяй»
64
15:43, — Эканоміка
Кошты на харчаванне ў Беларусі павысяцца да ўзроўню краінаў Еўразвяза і Расеі, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка пад час працоўнай паездкі па Гарадзенскай вобласці. У той жа час, па ягоных словах, павышаць заробак «проста так» ніхто не будзе.
«У гэтым шчыльным свеце мы вельмі залежым ад таго, што адбываецца вакол нас. Мы нікуды не падзенемся, нам прыйдзецца таксама павышаць кошты на харчаванне, каб яны не "вымываліся" ў суседнія дзяржавы. Таму, хочам мы таго ці не, але кошты будуць прыкладна аднолькавыя, як у Расеі і ў краінах Еўразвяза», - заявіў Лукашэнка.
Такім чынам, ён фактычна даў «зялёнае святло» павышэнню коштаў на прадукты харчавання, выказаўшы супрацьлеглы меркаванню ўрада пункт погляду па гэтым пытанні. Настойлівае патрабаванне павышэння коштаў на прадукты стала адной з прычынаў адстаўкі былога кіраўніка Мінсельгаспрада Беларусі Леаніда Русака, адзначае АФН.
Прадстаўляючы на днях апарату кіраўніцтва новага кіраўніка Мінсельгаспрада Сямёна Шапіру, прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што не згодны з заявай былога міністра аб неабходнасці «падняць кошты, каб прадукцыя была канкурэнтаздольнай унутры краіны». Па меркаванні прэм’ера, дзяржава дастаткова ўкладае ў развіццё галіны, каб насельніцтва краіны мела магчымасць спажываць беларускае харчаванне па больш прыгодных, то бок, нізкіх коштах.
Зрэшты, Лукашэнка прымудраецца супярэчыць не толькі ўраду, але і самому сабе. Працягваючы тэму «непазбежнага» павышэння коштаў на харчаванне, ён заявіў, што ў сувязі з гэтым «найважнейшая задача – павышэнне заробку». Але затым наступіла ўдакладненне.
«Але проста так павышаць заробак ніхто не будзе, яго трэба зарабляць, а для гэтага трэба павялічваць вытворчасць», - заявіў Лукашэнка.
Напісаць каментар (64)




