9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: «Любыя санкцыі вельмі адчувальныя для беларускіх уладаў»

Падзеі, якія адбыліся 25 сакавіка ў Менску, калі была жорстка падаўленая дэманстрацыя апазіцыі, павальныя ператрусы ў журналістаў, прысуд да вязнення актывіста Андрэя Кіма перарвалі працэс наладжвання дыялогу афіцыйнага Менску з Захадам.

У яшчэ большую самаізаляцыю рэжым укідвае і дыпламатычны скандал з ЗША, з-за якога амбасадар і большая частка амерыканскіх дыпламатаў з’ехалі ў Вашынгтон.

Аб сітуацыі ў Беларусі карэспандэнт «Главреда» Раман Якаўлеўскі размаўляе з лідэрам беларусіх незалежных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком, выступы якога на шматлікіх міжнародных форумах адыгралі вялікую ролю ў рашэнні Еўракамісіі выключыць Беларусь з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў за парушэнні правоў прафсаюзаў.

- Вядома, што сёння адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю шмат у чым вызначаюцца вядомымі 12 ўмовамі для дыялогу і выключэннем Беларусі за парушэнні правоў прафсаюзаў з сістэмы генеральных гандлёвых прэферэнцыяў (GSP) ЕЗ. Былі некаторыя спадзяванні, што ў адказ на ўзмацненне ў апошні час рэпрэсіяў у Беларусі Еўразвяз пойдзе на пашырэнне санкцыяў. У тым ліку і эканамічных. Але гэтага пакуль не назіраецца. Як Вы ацэньваеце сітуацыю, у якой аказаўся кіруючы рэжым?

- Эканамічныя санкцыі — вельмі спецыфічны сродак ціску на таталітарныя рэжымы, і карыстацца імі трэба вельмі асцярожна і выбарча. Але не правыя і тыя, хто поўнасцю адмаўляе магчымасць іх прымянення ў адносінах беларускага рэжыму.

Магу ўпэўнена сказаць на прыкладзе адмены генеральных прэферэнцыяў: любыя крокі такога кшталту з’яўляюцца вельмі адчувальнымі для беларускіх уладаў. Не выпадкова ўвесь апошні час яны прадпрымаюць намаганні па вяртанні прэферэнцыяў. І справа тут не толькі ў прамых эканамічных стратах, якія не такія ўжо і вялікія. Куды больш істотныя страты палітычныя, сапсаваны імідж краіны. А гэта апасродкавана можа пацягнуць за сабой страты з-за інвестыцыяў, якія не прыйшлі ў краіну, з-за не рэалізаваных праектаў, многіх дзесяткаў і сотняў мільёнаў еўра.

- Негледзячы на востры крызіс двухбаковых адносінаў, які ўзнік у афіцыйнага Менску з-за дыпламатычнага скандалу з ЗША, ніякай праявы росту масавых антыамерыканскіх настрояў, негледзячы на ўсе намаганні дзяржаўнага ТБ, сярод беларусаў не назіраецца. Як Вы думаеце, чаму?

- Проста таму, што ў беларускім грамадстве не было, няма, і не будзе аб’ектыўных прадпасылак і базы для фармавання антыамерыканскіх, а ў шырокім сэнсе слова, антызаходніх настрояў. У сувязі з гэтым можна ўзгадаць аб аддаленых савецкіх часах. Ужо як намагалася тая ідэалогія і прапаганда ў сваім жаданні стварыць вобраз ворага, выхаваць савецкіх людзей у непрыманні заходняга, перадусім, амерыканскага вобразу жыцця і традыцыяў. І што адбылося пасля таго, як упала “жалезная заслона? Амерыканафобію можна было выявіць хіба што толькі рэтраградаў. Упэўнены, такое ж сакрушальнае фіяска пацерпяць «прамывальшчыкі» мазгоў у сучаснай Беларусі.

- У розных СМІ перыядычна з’яўляецца інфармацыя то аб рэферэндуме па аб’яднанні Беларусі з Расеяй, то аб планах з’яўлення расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Як Вы лічыце, будуць складацца адносіны паміж Мядзведзевым і Лукашэнкай?

- Даўно не з’яўляюцца сакрэтам тое, што ў Лукашэнкі не склаліся асабістыя адносіны з другім расейскім прэзідэнтам Пуціным. Мала рызыкуючы памыліцца, можна прадказаць, што не будуць яны для яго безаблочнымі і з расейскім прэзідэнтам нумар тры Д.Мядзведзевым. Хаця б таму, што ў іх розныя парадкавыя нумары. А гэта значыць, што пры ўсіх вядомых нюансах, у Расеі, тым не менш, у адрозненні ад «саюзнай» Беларусі, адбываецца ратацыя вышэйшай улады. І ў людзей, якія маюць канцэптуальна дыяметральна супрацьлеглы погляд на характар палітычнага ладу дзяржавы і сістэмы ўлады, агульнага, як правіла, бывае мала. Пры гэтым трэба заўважыць, што Лукашэнка і Мядзведзеў з’яўляюцца поўнымі антыподамі па жыцці. Што кідаецца ў вочы не толькі аналітыкам. Думаю, наперадзе нас чакае яшчэ не адна серыя «аддзялення мух ад катлет», але толькі ў больш вытанчанай, больш інтэлігентнай упакоўцы..

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках