Мілінкевіча выклікалі ў пракуратуру
9:36, — Палітыка
Лідэра аргкамітэта па стварэнні руху "За Свабоду" экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча выклікаюць у пракуратуру Менска.
Як паведамляе прэс-служба Мілінкевіча, адпаведны ліст з подпісам пракурора Менска Мікалая Куліка палітыку перадаў 23 красавіка кур'ер у судзе Маскоўскага раёна сталіцы. Мілінкевіч прысутнічае на працэсе над віцебскім прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам, перадае БелаПАН.
Палітыку прапанавана з'явіцца ў пракуратуру ў 17.00 24 красавіка "для атрымання тлумачэнняў пра абставіны, звязаныя з выкананнем пазначанага заканадаўства на падставе закона "Аб пракуратуры", гаворыцца ў лісце.
Мілінкевіч лічыць, што гэты выклік можа быць звязаны як з акцыяй "Чарнобыльскі шлях - 2008", кіраўніком аргкамітэта якой ён з'яўляецца, так і з планаванай палітыкам сустрэчай з менчукамі ў раёне гандлёвага цэнтра "Макісмус".




