У Курапатах памянулі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
8:41, — Палітыка
Ва ўрочышчы Курапаты на паўночна-усходняй ускраіне Менска прайшло памінанне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якое традыцыйна ладзіцца 29-га дня кожнага месяца.
Прадстаўнікі мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПІК), моладзевых арганізацый і былыя рэпрэсаваныя запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да месцаў масавых растрэлаў бязвінных людзей, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Па звестках айчынных гісторыкаў, у красавіку 1938 года супрацоўнікі НКУС знішчылі ў Беларусі не менш за 240 чалавек.
Напярэдадні памінання невядомыя ўчынілі ў Курапатах чарговы акт вандалізму - знішчылі рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай усіх нявінна забітых пэндзля беларускага мастака і грамадскага дзеяча Аляксея Марачкіна, а таксама зламалі некалькі крыжоў.
У інтэрв'ю БелаПАН намеснік старшыні мемарыяльнай секцыі БДТАПІК Уладзімір Раманоўскі заявіў, што прычынай чарговага акту вандалізму ва ўрочышчы з'яўляецца патуранне з боку ўладаў. Па ягоных словах, такіх выпадкаў было б значна менш, калі б улады цвёрда спынялі падобныя дзеянні. "Аднак самі чыноўнікі дапускаюць незаконныя і амаральныя ўчынкі, пра што сведчыць нядаўні знос у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна Менскай вобласці мемарыяльнага крыжа, усталяванага грамадскасцю ў памяць аб мірных жыхарах вёскі, знішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 года, а таксама 15-суткавы адміністрацыйны арышт старшыні секцыі Вячаслава Сіўчыка", - сказаў У.Раманоўскі.
Ён выказаў здзіўленне пазіцыяй кіраўніцтва Старадарожскага раёна, якое на працягу 65 гадоў пасля трагедыі ў вёсцы Дражна так і не знайшло часу ўвекапомніць землякоў. "У краіне нямала абыякавых чыноўнікаў, якія не жадаюць задавальняць духоўныя і маральныя запыты грамадства", - лічыць У.Раманоўскі.
Ён выказаў удзячнасць грамадзянам польскай Познані, якія 29 красавіка ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму ўсталяваннем у Курапатах лампадаў, дзяржаўных знакаў Польшчы і сцяжкоў з малюнкам герба свайго горада.
За цырымоніяй памінання назіралі і здымалі на відэа пяць прадстаўнікоў сілавых структур у форме супрацоўнікаў міліцыі і цывільным адзенні.




