У Менску пратэставалі супраць пераносу помніка Багдановічу (Фота, відэа)
8:43, — Палітыка
29 красавіка ў Менску адбылася акцыя супраць пераносу помніка беларускаму паэту Максіму Багдановічу.
Ён мясціўся на тэрыторыі парка каля будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, прылеглага да вуліцы Янкі Купалы. Перанос 21 сакавіка санкыянаваў прэзідэнт. Плануецца, што ў будучыні помнік размесцяць на тэрыторыі прылеглага да тэатра парка, які выходзіць на вуліцу Максіма Багдановіча.
Сёння каля 40 маладзёнаў прайшлі ад помніка Янку Купалу ў аднайменным парку да будынка тэатра. Удзельнікі акцыі ўсклалі да агароджы ямы, на месцы якой стаяў помнік, вялікую колькасць цюльпанаў і павесілі на агароджы здымкі помніка класіку беларускай літаратуры.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным папярэдзілі аднаго з арганізатараў акцыі кіраўніка камісіі Партыі БНФ па культуры Франка Вячорку, што акцыя не санкцыянавана, аднак у працэс шэсця не ўмешваліся.
Удзельнікі акцыі арганізавалі каля агароджы перфоманс з чытаннем вершаў Максіма Багдановіча і выкананнем музычных твораў на дудзе.
Як заявіў БелаПАН Ф.Вячорка, беларуская грамадскасць абурана пераносам помніка. "Гэта не толькі абраза памяці вялікага беларускага паэта . Гэта яшчэ і парушае ўвесь архітэктурны ансамбль перад тэатрам", — сказаў ён. У дадатак, Ф.Вячорка адзначыў, што помнік Максіму Багдановічу і пляцоўка перад тэатрам з'яўляюцца знакавымі для беларускай дэмакратычнай грамадскасці. "У гэтым месцы ў 90-х гадах мінулага стагоддзя праходзіла значная колькасць акцый у абарону беларускага суверэнітэту і незалежнасці. Яно ўжо стала адным з месцаў, каштоўных для найноўшай гісторыі Беларусі. І таму мы б хацелі, каб гэтае месца захавалася ў тым выглядзе, у якім мы яго памятаем", — заявіў прадстаўнік Партыі БНФ.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч падкрэсліў, што перанос помніка па рашэнні аднаго чалавека — прэзідэнта Беларусі — недапушчальны. "Гэты архітэктурны ансамбль з'яўляецца гістарычным помнікам другой катэгорыі. Для таго, каб яго пераносіць, патрэбны адмысловы дазвол, і ўвогуле такія помнікі пераносяцца ў дакладна вызначаных заканадаўствам выпадках: падчас вайны, стыхійных бедстваў, надзвычайных становішчаў і іншых форс-мажорных абставінах. Таму няма ніякіх падставаў для пераносу помніка Багдановічу ў гэты момант", — заявіў А.Астаповіч.










