Гучная «справа лекараў» набліжаецца да фіналу
13:31, — Грамадства
У судзе Маскоўскага раёна Менска набліжаецца да фіналу адна з найгучных справаў, звязаных з беларускімі медыкамі.
Нагадаем, што са студзеня 2008 года ў судзе Маскоўскага раёна Менска слухаецца справа вядомага ў Беларусі кардыёхірурга, загадчыка 2-га кардыёхірургічнага аддзялення РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандра Шкета і былога намесніка дырэктара фірмы "Мулітымедыцын" Ігара Васюкевіча.
Крымінальная справа адносна абвінавачаных распачата ў траўні мінулага года. Па справе праходзілі яшчэ два чалавекі. Але калега Аляксандра Шкета Сяргей Балашка ў траўні 2007 года скончыў жыццё самагубствам, а дырэктар УП "Баст" Барыс Вайтман таксама не дажыў да суду, памёршы ад сардэчнага прыступу, піша "Народная воля".
Аляксандра Шкета вінавацяць у махлярстве, хабарніцтве і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ігара Васюкевіча -- у махлярстве, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Аляксандр Шкет сваёй віны не прызнаў. Ён, дарэчы, не спыняў аперацыйную практыку і падчас судовага працэсу. Ігар Васюкевіч пагадзіўся толькі з тым, што рэалізоўваў разыходныя матэрыялы без адпаведнай ліцэнзіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Эпізоды, якія разглядаліся ў судзе, датычылі 2001--2003 гадоў. За гэты час Аляксандр Шкет здзейсніў больш за тысячу аперацый на сэрца. Але абвінаваціць яго ў хабарніцтве наважыліся толькі некалькі чалавек. Найчасцей гэта нават не былыя пацыенты кардыёхірурга, а іх блізкія сваякі. І амаль усе яны не з'яўляюцца жыхарамі Менска.




