«Піяршчык» Лукашэнкі не каментуе арышты 25 сакавіка і ператрусы ў журналістаў
6
13:37, — Палітыка
Англійскі піяршчык Цімаці Бэл паведаміў, што падрыхтаваны ім план па паляпшэнні вонкавага іміджу Беларусі ўжо на стале ў Аляксандра Лукашэнкі.
“Так, я падрыхтаваў план, аднак пакуль не атрымаў адказу ад вашага прэзідэнта”, -- заявіў лорд у інтэрв’ю “Еўрарадыё”.
Бэл не раскрывае падрабязнасцяў пра змест плану да таго моманту, пакуль ён не будзе зацверджаны.
Таксама брытанскі піяршчык сказаў, што нічога не ведае пра разгон дэманстрацыі ў Дзень Волі 25 і арышты тэхнікі ў незалежных журналістаў 27 сакавіка:
“Не... На жаль, нават пасля таго, як вы мне расказалі, я не магу зараз неяк гэтыя падзеі пракаментаваць...”
Нагадаем, днямі мінуў двухтыднёвы тэрмін, які даў Аляксандр Лукашэнка англійскаму піяршчыку Цімаці Бэлу для распрацоўкі плана па паляпшэнні вонкавага іміджу Беларусі. Падзеі ж 25 і 27 сакавіка, якія некалькі дзён былі навіной № 1 еўрапейскіх і амерыканскіх газет, беларускія праваабаронцы назвалі "планам лорда Бэла ў дзеянні".




