Выстава раскошы ў Менску на мяжы правалу
8
12:00, — Грамадства
Першая міжнародная выстава раскошы ў Менску, магчыма, пройдзе ў паўпустой зале. Масавае мерапрыемства па прэзентацыі элітарных тавараў у Беларусі скептычна ўспрымаюць як дзяржаўныя органы, так і замежныя пастаўцы прадметаў і паслуг класу люкс.
Экспанаванне прадметаў раскошы, або так званых тавараў узроўня Luxury, з'яўляецца настолькі спецыфічнай імпрэзай, што нацыянальны выстаўны цэнтр "Белэкспа" шмат гадоў не наважваўся займацца падобнымі праектамі. На думку намесніка дырэктара УП НВЦ "Белэкспа" Аляксея Кажамякіна, толькі цяпер у Беларусі з'явілася праслойка рэспектабельных людзей, якія могуць выдаткаваць грошы на сапраўдную раскошу. Таму выстаўны цэнтр і ўзяўся здзівіць наш бамонд элітарнымі ювелірнымі вырабамі, антыкварыятам, аўтамабілямі, замежнай нерухомасцю, турыстычнымі прапановамі і іншымі элементамі салодкага жыцця, піша газета "Ежедневник".
Зрэшты, ацэньваючы рэакцыю на разасланыя пяць тысяч запрашальнікаў, арганізатары прызнаюць, што яны рызыкуюць не ўбачыць той цікавасці "вяршкоў грамадства" да "ELITE EXPO-2008", на якую разлічвалі ад пачатку. Яшчэ мацнейшы скепсіс адказных асобаў "Белэкспа" выклікае стаўленне патэнцыйных экспанентаў, з якіх, як выявілася, не ўсё гатовы ўдзельнічаць у прэзентацыі раскошы ў беларускіх умовах. Замежныя кампаніі, якія працуюць на рынку Luxury і прызвычаіліся да эксклюзіўнай прэзентацыі сваіх тавараў і паслуг ва ўмовах закрытых начных клубаў і рэспектабельных салонаў, вельмі насцярожвае сціплая пляцоўка менскага выстаўнага цэнтра. Шмат хто ўвогуле здзіўлены: як можна паказваць элітарную прадукцыю ў фармаце масавага выстаўнага мерапрыемства?
Да таго ж, як распавёў "Ежедневнику" Аляксей Кажамякін, першае пытанне, якое задаюць замежныя фірмы, звязана з імёнамі тых багатых персонаў, якія наведаюць выставу для элітарных закупаў. А іх беларускія арганізатары не могуць назваць пры ўсім жаданні. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што, на думку замежных кампаніяў, у "Белэкспа" слабая сістэма бяспекі для такой дарагой маёмасці.
Аднак нават тыя пастаўцы раскошы, якія ўсё ж захацелі ўдзельнічаць у выставе, сутыкаюцца са складанасцямі ў беларускім заканадаўстве, якія не дазваляюць ім без праблемаў завезці свае экспанаты. Так, напрыклад, адзін з польскіх конезаводаў, які лічыцца другім у еўрапейскім рэйтынгу, хацеў прэзентаваць на выставе ў Менску элітных арабскіх скакуноў коштам да мільёна даляраў. Аднак польскім уладальнікам коняў давялося адмовіцца ад гэтай задумы з-за мытных перашкод, якія не дазволілі вырашыць праблемы з увозам коняў у нашу краіну.
У святле такіх цяжкасцяў няма ніякай упэўненасці, што ўзровень запаўнення выстаўнай прасторы на "ELITE EXPO-2008" дасягне прынамсі 80%. Па звестках "Е", колькасць удзельнікаў, што ўсё яшчэ не пацвердзілі свой удзел, на пачатак траўня была даволі значнай.
З іншага боку, па словах Аляксея Кажамякіна, неадназначна ўспрынята выстава раскошы і некаторымі беларускімі ўладнымі структурамі. Ёсць думкі пра неактуальнасць такога кшталту выставаў у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, а таксама пра неабходнасць выкарыстаць для "ELITE EXPO-2008" агульнадасяжны фармат. Цяпер кошт уваходу ў звычайны дзень вызначаны ў памеры 20 тыс. рублёў, у VIP-дзень - 50 тыс. рублёў.
Між тым, як высветліла "Е", на першы VIP-дзень працы выставы запрошана вельмі шмат чыноўнікаў. Арганізатары спадзяюцца, што нехта з высокіх кіраўнікоў скажа прамову на адкрыцці "ELITE EXPO-2008" і тым самым дасць ёй зялёнае святло.





