Юры Азаронак: «Разлічваць на найвышэйшыя адзнакі на «Еўрабачанні» нам не варта»
8- 13.05.2008, 12:39
"Разлічваць на найвышэйшыя адзнакі, мусіць, не варта, але ў фінал "Еўрабачання-2008" беларускі канкурсант выйдзе", -- паведаміў карэспандэнту БелТА напярэдадні ад'езду беларускай дэлегацыі ў Белград яе кіраўнік намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, былы намеснік генпракурора Юры Азаронак
Па ягоных словах, прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2008" Руслан Аляхно прапануе не толькі добрую песню, але і арыгінальны яскравы нумар, гэта будзе цікавая, відовішчная дзея, якая добра глядзіцца на тэлеэкране. "Ужо даўно ясна, што на "Еўрабачанні" тэлегледачы галасуюць таксама і вачыма", - дадаў Юры Азаронак.
Пастаноўкай нумару Руслана Аляхно займаліся грэцкія адмыслоўцы. Беларуская каманда, абапіраючыся на досвед удзелу ў "Еўрабачанні" ад 2004 года, сёлета надзвычай суладна здзейсніла падрыхтоўку канкурсанта.
"Еўрабачанне" перадусім конкурс песні, але апрача добрай кампазіцыі мусіць быць і стылёвы вобраз, нумар, кліп, промапрадукцыя. Дзеля дасягнення належнага выніку, паспяховага спалучэння ўсіх гэтых складнікаў мы не скнарыліся", - адзначыў Юры Азаронак. Кліп беларускага выканаўца, зняты вядомым кліпмэйкерам Сямёнам Горавым, на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый у Сербіі ў гэтым сакавіку быў прызнаны адным з лепшых. Кардынальна памяняўся вобраз Руслана. Запісана песня ў новай аранжыроўцы. Артыст наведаў з проматурам краіны балтыйскага рэгіёна, паколькі "Еўрабачанне" ладзіцца ў Сербіі, а краіны Балтыі галасуюць, як правіла, скансалідавана. Руслан пабываў у Расеі, Украіне, Англіі. Проматур быў здзейснены вельмі абазнана, беларускі спявак выступаў на фінальных адборачных канцэртах на конкурс "Еўрабачанне" у розных краінах.
Разлічваць на найвышэйшыя адзнакі, мусіць, не варта, але ў фінал "Еўрабачання-2008" беларускі канкурсант выйдзе, выказаў здагадку Юры Азаронак. Варажыць жа, як складзецца сітуацыя далей - справа няўдзячная, паколькі конкурс заўсёды непрадказальны.
Конкурс "Еўрабачанне-2008" складаецца з двух паўфіналаў, у кожным з якіх удзельнічаюць па 19 краін, і фіналу, у які аўтаматычна трапляюць краіны-заснавальнікі "Еўрабачання" (Вялікабрытанія, Францыя, Гішпанія, Нямеччына) і Сербія як краіна-пераможца "Еўрабачання-2007" і арганізатар конкурсу ў гэтым годзе. Першы паўфінал пройдзе 20 траўня. Руслан Аляхно выступіць у другім паўфінале конкурсу 22 траўня пад дзевятым нумарам. Фінал "Еўрабачання" адбудзецца 24 траўня. Усяго ў конкурсе возьмуць удзел 43 краіны.