Валерый Ухналёў: «Ніякіх плюсаў байкот не мае»
30
16:18, — Палітыка
Аб плюсах і мінусах магчымага байкоту парламенцкіх «выбараў» у інтэрв’ю газеце «Товарищ» разважае сакратар Цэнтральнага камітэта Партыі камуністаў Беларускай Валерый Ухналёў.
Нагадаем, што аб неабходнасці байкатавання парламенцкіх «выбараў» заявілі каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка і арганізацыя «Малады фронт».
У адказ на гэтую ініцыятыву Валерый Ухналёў заявіў:
- Казаць аб байкоце ў сітуацыі Рэспублікі Беларусь неразумна. Ніякіх плюсаў байкот не мае. Калі дэмакратычныя сілы не ўдзельнічаюць у выбарах – няма ніякіх падставаў казаць аб тым, што выбары сфальфікаваныя, што дэпутаты не абраныя, а прызначаныя. Улада праводзіць кампанію. Нічога пры гэтым не фальсіфікуючы. І будзе ў краіне тое, што мы маем сёння.
Калі дэмакратычныя сілы ўдзельнічаюць у выбарах, мы прымушаем улады ісці на парушэнні: не ўключаць прадстаўнікоў АДС у выбарчыя камісіі, не рэгістраваць нашых прэтэндэнтаў, забараняць сустрэчы з выбаршчыкамі, не друкаваць нашыя агітацыйныя матэрыялы… Тады мы атрымаем права казаць аб фальсіфікацыі падліку галасоў. Аб фальсіфікацыі выбараў у цэлым.
Другая праблема, мабыць, больш важная – у выпадку байкота апазіцыя губляе магчымасць працаваць з выбаршчыкамі. Калі б была магчымасць праводзіць байкот як кампанію, якая значна больш складаная, чым кампанія выбарчая, – у гэтым выпадку можна было б паразважаць аб карысці ці аб шкодзе байкоту. Але байкот у Беларусі забаронены заканадаўча. А таму ў нашых умовах байкот звядзецца да таго, што ніхто нічога рабіць не будзе.
За байкот выступаюць тыя сілы, якія не маюць за сабой структураў, не адчуваюцьт за сабой падтрымкі выбаршчыкаў. Яны-та і кажуць: трэба байкатаваць выбары. Для аб’яднаных дэмакратычных сілаў гэта непрымальна.
У сакавіку Палітрада АДС вырашыла: сыходзячы з ходу выбарчай кампаніі, улічваючы ступень празрыстасці ці фальсіфікацыі, дэмакратычныя сілы пакідаюць за сабою права прадпрымаць крокі ў адказ, У тым ліку не выключанае і зняцце дэмакратычных кандыдатаў з выбарчай кампаніі.
Мы павінныя ціснуць на ўлады і пад час выбарчай кампаніі з мэтай дамагчыся адносна сумленных выбараў; мы павінныя дамагацца магчымасці легальна працаваць з выбаршчыкамі. Калі 110 кандыдатаў ад АДС надрукуюць і распаўсюдзяць свае праграмы – гэта дасць сур’ёзны вынік.
Да ўлады можна прыйсці толькі праз выбары. Без перамогі ў барацьбе за розумы людзей , заваяваць падтрымку выбаршчыкаў немагчыма. Так, мы разумеем: перамагчы ў гэтых найлюцейшых умовах, ва ўмовах жорсткага аўтарытарызму будзе надзвычай складана. Але ж якая дыктатура была ў Зімбабве, дзе людзей нават расстрэльвалі, але ж апазіцыя там прыйшла да ўлады – і прыйшла праз выбары.
Каментар www.charter97.org: Нагадаем чытачам, што 3 снежня 2006 года адбыўся чарговы з’езд Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Форум з удзелам амаль 250 дэлегатаў рэкамендаваў усім прэтэндэнтам ПКБ у дэпутаты мясцовых саветаў зняць свае кандыдатуры.
«З улікам таго, што Лукашэнка заявіў: «прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваныя» і з улікам таго, што нашыя прадстаўнікі не ўключаныя ў выбарчыя камісіі, з’езд рэкамендаваў не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах», - абвясціў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» рашэнне з’езда сябра бюро ЦК ПКБ Сяргей Вазняк.
Лідэр ПКБ Сяргей Калякін тады ж у інтэрв’ю “Радыё Свабода” заявіў: «Улада паводзіць сябе як заўсёды. Гэта фарс і мы не можам дазволіць сабе прымаць удзел у падмане нашых выбаршчыкаў. Удзельнічаць у гэтым фарсе ПКБ сваім кандыдатам не рэкамендуе».
Такое рашэнне прыняў з’езд ПКБ за месяц да мясцовых “выбараў”, якія адбыліся 14 студзеня 2007 года.
Напісаць каментар (30)




