Мільён рублёў штрафу за шпацыр з бел-чырвона-белым сцягам
3- 15.05.2008, 8:42
У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска 14 траўня вынесена пастанова адносна сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі.
Суддзя Уладзіслаў Шыкароў прызнаў апазіцыянера вінаватым па арт. 23.34 КОАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Актывіст аштрафаваны на 30 базавых велічынь.
"Я не згодны з абвінавачаннем у парушэнні правапарадку, бо мая акцыя не чыніла нязручнасцяў навакольным, - сказаў С.Каваленка БелаПАН. - 26 красавіка я выйшаў на вуліцу Леніна з бел-чырвона-белым сцягам, каб нагадаць людзям, якія страшныя наступствы церпіць Беларусь пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. За гэта я быў затрыманы і амаль двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання, бо разглядаць складзеныя супрацоўнікамі міліцыі пратаколы дзяжурны суддзя Чыгуначнага райсуда чамусьці не стаў. Судовы працэс пачаўся толькі 28 красавіка. Я запатрабаваў, каб на судзе прысутнічаў перакладнік з рускай на беларускую мову, бо не быў упэўнены ў тым, што слушна зразумею пытанні суддзі. Маё хадайніцтва суд задаволіў толькі сёння".
С.Каваленка быў прызнаны вінаватым у парушэнні грамадскага парадку ўжо другі раз на працягу апошніх некалькіх месяцаў. 25 сакавіка ён таксама быў затрыманы за тое, што выйшаў у цэнтр Віцебска з бел-чырвона-белым сцягам, Паводле пастановы суду за гэтае правапарушэнне С.Каваленка быў арыштаваны на 10 сутак.