Пасля затрымання Мілінкевіча даставілі ў суд
4- 16.05.2008, 8:22
Былы кандыдат у прэзідэнты, лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч прысуджаны да штрафу памерам у 20 базавых велічынь. Такое рашэнне вынес 15 траўня суд Салігорскага раёна (Менская вобласць).
Суд прызнаў палітыка вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).
Нагадаем, 15 траўня Аляксандр Мілінкевіч быў затрыманы на выездзе з Салігорска, дзе правёў сустрэчу з жыхарамі горада. Яна адбылася на рынку, у ёй удзельнічала прыкладна 50 чалавек. З Салігорска палітык планаваў вырушыць у Слуцак.
Як паведаміў БелаПАН Юры Губарэвіч, намеснік кіраўніка руху "За Свабоду", супрацоўнікі міліцыі заўважылі, што А.Мілінкевіч перад сустрэчай з грамадзянамі раздаў улёткі з заклікам прыняць удзел у дні салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і іх сем'ямі, які ладзіцца 16-га дня кожнага месяца. "Менавіта па гэтай падставе адносна палітыка складзены пратакол аб парушэнні", - адзначыў Ю.Губарэвіч.