6 траўня 2024, панядзелак, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША рыхтуюць адказ беларускім уладам (Стэнаграма прэс-канферэнцыі ў Дзярждэпартаменце)

6

У Дзярждэпартаменце ЗША адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная розным пытанням знешняй палітыкі Штатаў. Аднак гэтым разам практычна палова пытанняў была прысвечаная канфлікту з Беларуссю.

"Ежедневник" прапануе стэнаграфічную справаздачу гэтай падзеі.

Шон Маккормак (Ш.М.), прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША: Дабрыдзень. У мяне няма ніякіх афіцыйных заяваў, так што мы можам перайсці адразу да вашых пытанняў.

Пытанне: Распавядзіце нам, што Беларусь? Якая сітуацыя цяпер паміж дзвюма краінамі, і чаму гэта адбылося, і колькі людзей пакінула… ці плануе пакінуць… І дзе амбасадар?

Ш.М.: Вядома, вядома, вядома… Амбасадар усё яшчэ тут, у Вашынгтоне, на кансультацыях. Наш павераны па справах у Беларусі атрымаў фармальны запыт ад беларускага ўрада з патрабаваннем дзесяці дыпламатам нашай амбасады з'ехаць на працягу 72 гадзін. Паколькі гэта быў дыпламатычны запыт, мы выканаем гэтыя патрабаванні.

Мы сказалі беларусам прыватным чынам і скажам цяпер адкрыта, што, на нашу думку, гэтыя дзеянні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і неапраўданымі.

Мы жадаем мець добрыя адносіны з Беларуссю і працуем над тым, каб яны паляпшаліся. Але мы не збіраемся рабіць гэта на шкоду прынцыпам прасоўвання свабоды выразаў, палітычных свабодаў і іншых - іншых свабодаў у Беларусі.

Што да нашай зваротнай рэакцыі на гэта, мы разглядаем пытанне, якім будзе наш адказ.

Пытанне: Колькасць персанала ў амбасадзе скарацілася, я думаю, да памеру, пры якім функцыянаванне амбасады, мне здаецца, абмежавана. Гэта значыць, калі той дзесятак з'едзе, што застанецца?

Ш.М.: Ну, у нас застануцца нешта каля чатырох чалавек, калі з'едуць гэтыя дзесяць. Мы маем намер спрабаваць здзяйсняць паслугі амерыканскім грамадзянам так якасна, як зможам.

Быў выпадак 25 дня з містэрам Зэльцэрам, які быў затрыманы беларускімі ўладамі і цяпер знаходзіцца ў псіхіятрычнай клініцы. Яны змясцілі яго ў клініку. Мы запыталі, з гуманітарных меркаванняў, каб яго адпусцілі.

Што да працягу працы амбасады, мы маем намер працягваць рабіць нашу працу так добра, як у нас атрымаецца. Візавы аддзел цяпер зачынены, але мы працягваем здзяйсняць паслугі амерыканскім грамадзянам.

Пытанне: Колькі дыпламатаў у Беларусі тут?

Ш.М.: Гэта… Пяць, так, Гонц? (Пытае ў калегі.) Так, пяць, тут у Вашынгтоне.

Пытанне: Яны таксама нядаўна скарацілі сваю прысутнасць?

Ш.М.: Дакладна.

Пытанне: Так, дык у іх ёсць нехта яшчэ і ў Нью-Ёрку?

Ш.М.: Я думаю, у іх ёсць консульства ў Нью-Ёрку. Мы не былі б шчаслівы зніжаць колькасць іх людзей у Нью-Ёрку.

Пытанне: Ну і больш па сутнасці: якое выйсце з усяго гэтага? Я ведаю, што Карэн Сцюарт сказала, што, ведаеце, мы маглі б вярнуцца да дыялогу, калі яны вызваляць Аляксандра Казуліна. Пытанне ўсё яшчэ ў гэтым? Ну і ўвогуле якое выйсце? Зуб за зуб?

Ш.М.: Ну, ведаеце, вы можаце спытаць беларускія ўлады пра матывацыю іх просьбы, каб нашы дыпламаты з'ехалі. Як мы ўжо казалі, мы не лічым, што для гэтага ёсць хоць нейкія падставы. Мы можам, вы можаце будаваць гіпотэзу на тым, што яны былі няўсцешаны тым, што мы працягваем сустракацца з тымі людзьмі ў беларускіх палітычных колах, якія зацікаўлены ў вялікіх палітычных свабодах, свабодзе слова, іншых свабодах у Беларусі. Часам гэтыя людзі сустракаюцца з намі, рызыкуючы уласнай бяспекай. Мы бачылі прыклады гэтага.

Пытанне: Яшчэ адно пытанне. Яны далі хоць нейкае тлумачэнне, чаму яны ўтрымліваюць Эмануіла Зэльцэра?

Ш.М. : Яму было высунута абвінавачанне адпаведна з іх крымінальным заканадаўствам, мне здаецца. Але я не ўпэўнены, што ў нас ёсць падрабязнае тлумачэнне ад іх. У любым выпадку, мы лічым, што ў цяперашняй сітуацыі, а таксама з улікам яго стану ён мусіць быць вызвалены з гуманітарных прычынаў.

Пытанне: Вы сказалі, што разглядаеце пытанне пра дзеянні ў адказ. Вы плануеце эквівалентную акцыю?

Ш.М.: Я не збіраюся тыкаць пальцам у неба па гэтым пытанні, але мы сапраўды разглядаем дзеянні ў адказ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках