Удзельнікі «жывога шчыта» патрабуюць ад даішнікаў 300 мільёнаў рублёў
10- 20.05.2008, 16:51
На гэтым тыдні адна з крымінальных справаў па «жывым шчыце» адправіцца ў суд. Матэрыялы займаюць тры тамы.
За тое, што 2 сакавіка на трасе Менск - Мікашэвічы выбудаваўся «жывы шчыт» з грамадзянскіх аўто, адкажуць Аляксей Ліхтаровіч і Генадзь Дарагакупец. Яны адхіленыя ад службы ў ДАІ і цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб невыяздзе і аб яўцы. Ім прад'явілі абвінавачванне па першай частцы 426 артыкула УК за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Суд вырашыць: ці заплацяць яны штраф або пазбавяцца волі на тэрмін да трох гадоў. Абодва сваёй віны не прызнаюць.
Нагадаем, на месцы аварыі прысутнічалі чацвёра даішнікаў на дзвюх машынах. Але пад час пракурорскай праверкі высветлілася, што другая машына крыху затрымалася і прыехала на месца, акурат калі п'яны Раман Мянцюк заехаў у «жывы шчыт». Менавіта таму судзіць будуць двух супрацоўнікаў ДАІ, а не чацвёрых.
Указанне ад дзяжурнага ДАІ горада прыпыніць рух машын атрымаў Генадзь Дарагакупец. Дзяжурны на допытах растлумачыў: ён прасіў не даваць рух з другасных дарог на трасу і не думаў, што хтосьці вырашыць спыняць машыны так, каб на дарозе з'явіўся шчыт з грамадзянскіх аўто. Паднімаў жазло Аляксей Ліхтаровіч. Выбудаваўшы грамадзянскія машыны ў шэраг, ён за секунду да ўдару паспеў адскочыць на абочыну. Аўто, якія сутыкнуліся яго ледзь не закранулі.
У судзе будзе агучаная рэкамендацыя ДАІ па прымусовым прыпынку транспартных сродкаў. Па ёй заступаць дарогу парушальнікам можна толькі вялікагрузнымі машынамі, у якіх няма людзей. Але пры гэтым у першым шэрагу павінныя быць аўтамабілі ДАІ.
- Шасцёра пацярпелых заявілі грамадзянскі іск матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды, - распавяла «КП у Беларусі» Вера Страмкоўская, адвакатка усіх, хто стаяў у шчыце. - Па 50 мільёнаў рублёў кожнаму, г.з. 300 мільёнаў увогуле. Плюс 25 мільёнаў рублёў матэрыяльнай шкоды.