29 красавiка 2024, панядзелак, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія следчыя дапыталі Барыса Беразоўскага

7

Аб гэтым паведаміў газеце «Коммерсант» сам расейскі алігарх, якога дапыталі па справе амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра.

Барыс Беразоўскі паведаміў, што сустракаўся не з адным следчым, а з цэлай аператыўна-следчай брыгадай з Беларусі. "Яны прасілі даць паказанні адносна Зельцэра, у прыватнасці на што менавіта ён і Джозэф Кей прэтэндуюць,- паведаміў Беразоўскі.- Я распавёў ім усё, што ведаў".

Эмануіл Зельцэр, адвакат сваяка нябожчыка бізнесмена Бадры Патаркацышвілі Джозэфа Кея (які прэтэндуе на наследства Патаркацышвілі), з 12 сакавіка знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі. Спачатку паведамлялася, што яму было прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 380 "Выкарыстанне заведама фальшывага афіцыйнага дакумента, які надае правы, групай асобаў па папярэдняй змове" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Учора стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўзбудзіў у адносінах Зельцэра крымінальную справу за кантрабанду і незаконны абарот наркотыкаў.

Справа ў адносінах амерыканскага грамадзяніна перададзеная ў суд. "У Зельцэра было адабрана звыш за 100 таблетак, якія ўтрымлівалі наркатычныя і псіхатропныя рэчывы", — паведаміў кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Надтачаеў.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. Адміністрацыя Джорджа Буша паведаміла аб пагаршэнні здароўя Эмануіла Зельцэра ў ізалятары КДБ.

25 красавіка консул Злучаных штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным у Менску амерыканскім адвакатам.

Па словах консула, Зельцэр паведаміў ёй, што «на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі». Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Па выніках наведвання Зельцэра амерыканскі консул накіравала справаздачу ў Вашынгтон, пасля чаго ў Дзярждэпартамент быў запрошаны часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках