9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старт дадзены. Чаму? (адноўлена)

7

Цэнтравыбаркам абвясціў аб старце кампаніі па "выбарах" дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" і членаў "савета рэспублікі", запланаваных на 28 верасня. Аднак да палудня Лукашэнка не падпісваў указ аб правядзенні "выбараў".

"Вызначана, што выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" і членаў "савета рэспублікі" стартуе 24 чэрвеня", - паведаміла на днях старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Яна ў мінулую пятніцу абмеркавала пытанні, датычныя правядзення выбарчай кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аднак пачынаць выбарчую кампанію без указу Лукашэнкі аб прызначэнні даты выбараў немагчыма. Гэта суцэльна незаконна. Прадстаўнікі Цэнтравыбаркаму пачалі апраўдвацца.

"Мы лічым, што сёння ўказ будзе падпісаны. Такое абяцанне з боку адміністрацыі прэзідэнта мы атрымалі", -- заявіў у інтэрв'ю "Радыё Свабода" намеснік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.

"Паводле закону, выбарчая кампанія пачынаецца ад моманту публікацыі ўказу прэзідэнта", -- прызнаўся Лазавік.

Толькі пасля 12.00 інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс" паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні выбараў дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" "нацыянальнага сходу" на 28 верасня гэтага года.

Як адзначыў сакратар беларускага ЦВК Мікалай Лазавік, "з падпісаннем гэтых указаў кіраўніка дзяржавы фактычна дадзены старт выбарчай кампаніі".

Нагадаем, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і моладзевыя арганізацыі маюць намер байкатаваць гэтыя "выбары". Ад 1996 года ўсе выбары і рэферэндумы ў Беларусі былі прызнаны міжнароднымі арганізацыямі несвабоднымі і недэмакратычнымі.

Палітычныя партыі заяўляюць, што выбараў як такіх у Беларусі сёння няма, але збіраюцца выкарыстаць выбарчую кампанію для інфармавання насельніцтва. Так, дагэтуль няясна, ці будуць уключаны прадстаўнікі партыяў у склад акруговых выбарчых камісій. Нагадаем, што 8 чэрвеня палітычныя партыі зацвердзілі спіс са 110 кандыдатаў для працы ў акруговых выбарчых камісіях. У спіс увайшлі такія вядомыя палітыкі, як Станіслаў Шушкевіч, Мечаслаў Грыб, Аляксандр Сасноў, Павел Казлоўскі, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Леў Марголін.

Аніводная з умоваў прадстаўнікоў апазіцыі па правядзенні выбараў уладамі не выканана. Дэмакратычныя сілы Беларусі ў межах кампаніі "За свабодныя выбары", ініцыяванай рухам "За Свабоду", распрацавалі для Цэнтравыбаркаму праекты чатырох пастановаў, прыняцце якіх дазволіла б удасканаліць выбарчы працэс у межах дзейнага заканадаўства. Пастановы закранаюць працэс падліку галасоў; гарантуюць палітычным і грамадскім суб'ектам, якія высунулі кандыдатаў, права на прысутнасць іх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях; тлумачаць правы назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій пры падліку галасоў; пры правядзенні агітацыйнай кампаніі вызначаюць прыярытэтнымі палажэнні Выбарчага кодэкса, а не закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках