У школе супраць актывіста «Маладога Фронту» выставілі міліцыянтаў
21- 4.06.2008, 13:19
Каб не дапусьціць да здачы апошняга іспыту лідэра салігорскай філіі “Маладога Фронту” Івана Шылу, ў школе выставілі ахову з міліцыянтаў.
“Сёньня я прыйшоў у школу, каб здаваць іспыт. Аднак да іспыту мяне не дапусьцілі. У школе была міліцыя. На той выпадак, калі я пачну супраціўляцца, - паведаміў Іван Шыла ў інтэрвію “Радыё Свабода”. -- Мяне ніхто пісьмова не папярэдзіў пра маё выключэньне. Гэта толькі вусная інфармацыя. Уручылі пастанову пра адлічэньне. Яны спасылаюцца на статут школы і на законы. Кажуць, што апошняй кропкай было затрыманьне 30 траўня (калі ўжо адбываліся школьныя іспыты) з налепкамі. А таксама тое, што я прысутнічаў на прэзэнтацыі кнігі “Прага вясны”, фотаздымкі зьявіліся ў інтэрнэце. Гэтыя чыноўнікі зь Менску былі не задаволеныя”.
“Зараз я знаходжуся ў школе. Уся школа, усе настаўнікі, якія нават галасавалі за адлічэньне, мяне разумеюць. Падыходзіць цясьляр нашай школы, якога я нават ня ведаю, паціскае мне руку і выказвае словы падтрымкі. Прыкладна такая рэакцыя ўсіх настаўнікаў, зь якімі я размаўляў”, - распавядае юнак.
Нагадаем, не выдаваць Івану Шылу атэстат загадалі чыноўнікі мясцовага гарвыканкаму і з менскай вобласьці. Дырэктар школы Вольга Сянькова звольнілася на знак пратэсту, а яе намесьніцу звольнілі за кепскую выхаваўчую працу.
Юнак распавёў, што 2 чэрвеня на пэдагагічнай нарадзе разглядалася пытаньне, каб не выдаваць яму атэстат аб сярэдняй адукацыі і выключыць мясцовага лідэра “Маладога фронту” са школы. Усе настаўнікі прагаласавалі аднагалосна, каб хлопец здаў апошні экзамэн і атрымаў атэстат.
Аднак у аўторак сытуацыя зьмянілася. На пазачарговай нарадзе прынялі рашэньне выключыць хлопца са школы. Івану Шылу і ягоным бацькам пакуль не патлумачылі прычыну адлічэньня хлопца. Адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, калі выпускніка, які пасьпяхова вучыўся, і, якога дапусьцілі да здачы экзамэнаў, за дзень да апошняга экзамэну адлічылі з вучобы.